Logo Polskiego Radia
Print

Эўразьвяз зноў заклікаў Беларусь адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 13.01.2016 13:17
Заява ЭЗ была апублікавана ў сувязі з вынясеньнем першага сьмяротнага прысуду ў гэтым годзе.
foto: www.spring96.org

Эўрапейскі Зьвяз заклікае Беларусь, адзіную эўрапейскую краіну, якая прыводзіць у выкананьне сьмяротныя прысуды, накласьці мараторый на гэты від пакараньня як крок на шляху да поўнай адмены сьмяротнага пакараньня.

Заява ЭЗ была апублікавана на сайце Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў (ЭСЗД) у сувязі з вынясеньнем Менскім абласным судом першага сьмяротнага прысуду ў Беларусі ў гэтым годзе. Да такога пакараньня суд на выязным пасяджэньні ў Вілейцы 5 студзеня прысудзіў Генадзя Якавіцкага за жорсткае забойства сваёй сужыцелькі.

«Спадару Якавіцкаму павінна быць цалкам гарантавана права на абскарджаньне прысуду. Ён быў абвінавачаны ў сурʼёзным злачынстве й мы выказваем сваё глыбокае спачуваньне сямʼі й сябрам ахвяры», – гаворыцца ў заяве прэс-сакратара ЭСЗД.

Далей ЭЗ нагадвае, што выступае супраць сьмяротнага пакараньня ў любых выпадках і без выключэньняў, і заклікае Беларусь да мараторыя на гэты від пакараньня з пэрспэктывай яго поўнай адмены.

«Замена сьмяротных прысудаў на іншыя пакараньні й пачатак грамадзкай дыскусіі пра сьмяротнае пакараньне зь беларускім грамадзтвам былі б важным крокам у гэтым кірунку», – перакананыя ў Брусэлі.

Сьмяротны прысуд Генадзю Якавіцкаму пакуль не ўступіў у законную сілу й можа быць абскарджаны ў Вярхоўным судзе.

Наяўнасьць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі – галоўная перашкода на шляху ўступленьня краіны ў Раду Эўропы. Сьмяротнае пакараньне прыводзіцца ў выкананьне шляхам расстрэлу, да яе ня могуць быць асуджаныя жанчыны, непаўналетнія й мужчыны, старэйшыя за 65 гадоў на момант вынясеньня прысуду.

tut.by/ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт