Logo Polskiego Radia
Print

На „Эўрабачаньні-2016” Беларусь прадставіць IVAN

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 23.01.2016 13:55
Беларусь удзельнічае ў конкурсе з 2004 году, у фінал краіна прабівалася чатыры разы.
Photo:tvr.by

Аляксандар Іваноў, які выступаў пад псэўданімам IVAN, выйграў нацыянальны адборачны тур міжнароднага конкурсу песьні „Эўрабачаньне-2016” і будзе прадстаўляць Беларусь на конкурсе ў Швэцыі ў траўні.

Аляксандар Іваноў паедзе на „Эўрабачаньне” зь песьняй „How to Fly?”( „Як лётаць”), якую для яго напісаў вядомы кампазітар Віктар Дробыш.

Фінал адборачнага тура адбыўся ўвечары 22 студзеня ў Белтэлерадыёкампаніі. Акрамя Іванова ў ім бралі ўдзел яшчэ дзевяць выканаўцаў: Аляксей Грос, Анастасія Малашкевіч, Валерыя Садоўская, Кірыл Ермакоў, Саша Захарык, групы „Радыёхваля”, THE EM, NAVI, NAPOLI.

У гэтым годзе на нацыянальны адборачны тур „Эўрабачаньня” ў Белтэлерадыёкампанію паступіла больш за 100 заявак як ад выканаўцаў, так і ад аўтараў песень. Праслухоўваньне прайшоў 91 прэтэндэнт, затым адабралі 10 фіналістаў. Сярод вядомых музыкаў, якія не прайшлі ў фінал, — гурты „Песьняры”, „Чысты голас”, „Аўра”, сьпявачка Жанет, Віталь Карпанаў (гурт „Дразды”) і іншыя.

Беларусь удзельнічае ў „Эўрабачаньні” з 2004 году, у фінал краіна прабівалася чатыры разы. Летась дуэт „Uzari & Maimuna” заняў 12-е месца ў паўфінале і ў фінал конкурсу не выйшаў. Лепшы вынік сярод беларусаў — шостае месца — быў у Дзьмітрыя Калдуна ў 2007 годзе.

„Эўрабачаньне-2016” пройдзе ў Стакгольме з 11 па 14 траўня.

belapan.com/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт