Logo Polskiego Radia
Print

Пілётам „Белавія” ўпершыню стала жанчына

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 14.02.2016 17:33
Сьвятлана Яроменка нарадзілася ў авіяцыйнай сям'і ў 1987 годзе ў Якуціі.
Сьвятлана Яроменка - першая жанчына-пілёт у aвіякампаніi „Белавія”. Сьвятлана Яроменка - першая жанчына-пілёт у aвіякампаніi „Белавія”. Photo:belta.by

Сьвятлана Яроменка стала першай жанчынай-пілётам у „Белавія” з моманту заснаваньня кампаніі ў 1996 годзе.

Сьвятлана нарадзілася ў авіяцыйнай сям'і ў 1987 годзе ў Якуціі. Бацька - галоўны інжынер службы ЭРТАС (служба эксплёатацыі радыётэхнічнага абсталяваньня й сувязі) арганізацыі паветранага руху, маці - былы начальнік мэтэастанцыі аэрапорта ў Якуціі.

Жанчына зь дзяцінства марыла стаць пілётам. У 2011 годзе скончыла Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны ўнівэрсытэт грамадзянскай авіяцыі па спэцыяльнасьці „лётная эксплёатацыя грамадзянскіх паветраных суднаў”. Сваю кар'еру пачала ў рэгіянальнай авіякампаніі „Пскоўавія” на пасажырскіх самалётах Ан-24/Ан-26, потым працавала ў „Трансаэра”, дзе прайшла перападрыхтоўку на паветранае судна Boeing 737NG.

У „Белавія” Сьвятлана прыйшла ў лістападзе 2015 году. Пасьля неабходнага навучаньня, у тым ліку наземнай тэарэтычнай і трэнажорнай падрыхтоўкі, першы палёт у якасьці стажора Сьвятлана зрабіла 29 сьнежня ў сталіцу Туркмэністана - Ашхабад.

Сьвятлана замужам, яе муж працуе пілётам ў Санкт-Пецярбургу.

Пакуль Святлана яшчэ стажор і лётае зь інструктарам, аднак хутка пачне выконваць палёты самастойна ў якасьці другога пілёта паветранага судна Boeing 737NG. У будучым Сьвятлана марыць сама стаць пілётам-інструктарам.

У авіякампаніі працуюць 194 пілёты, зь іх амаль 110 камандзіраў паветраных суднаў.

Авіякампанія „Белавія” - буйнейшы авіяперавозчык Беларусі. Ажыцьцяўляе рэгулярныя рэйсы ў 47 аэрапортаў 28 краін Эўропы й Азіі. З 1997 года зьяўляецца сябрам Міжнароднай асацыяцыі паветранага транспарту (IATA), з 2010-га - сябрам Эўрапейскай асацыяцыі рэгіянальных авіякампаній (ERAA). Флот авіякампаніі налічвае 27 паветраных суднаў.

belta.by/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт