Logo Polskiego Radia
Print

Праваабарончы цэнтар „Вясна” адзначыў 20-годзьдзе

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 21.05.2016 13:27
З гэтай нагоды ў прэс-клюбе адбылася сьвяточная вечарына.
Photo: pixabay.com

Праваабарончы цэнтар „Вясна” адзначыў 20 гадоў дзейнасьці. З гэтай нагоды ў прэс-клюбе адбылася сьвяточная вечарына, удзел у якой узялі вядомыя ў краіне палітыкі й грамадзкія дзеячы, правабаронцы, сваякі рэпрэсаваных палітыкаў.

Прысутнічалі прадстаўнікі шэрагу амбасадаў эўрапейскіх краін, а таксама — павераны ў справах ЗША ў Беларусі Скот Роланд і чальцы амэрыканскага дыпляматычнага прадстаўніцтва.

Песьняй „Мая краіна” імпрэзу распачала сьпявачка Кася Камоцкая.

Першае слова ўзяў старшыня „Вясны” Алесь Бяляцкі. Ён нагадаў, з чаго пачыналася дзейнасьць „Вясны”, акрэсьліў хроніку 20-гадовай дзейнасьці: дапамогу сотням актывістаў, перасьледаваных уладамі, закрыцьцё арганізацыі й рэпрэсіі супраць саміх актывістаў „Вясны”.

Упаўнаважаны бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЭ ў прывітальным слове падкрэсьліў значную ролю ў справе абароны правоў чалавека ўсёй „Вясны” й асабіста старшыні арганізацыі Алеся Бяляцкага, які з прычыны сваёй дзейнасьці адбыў тры гады турэмнага зьняволеньня.

Прадстаўнік Эўразьвязу Джым Казанс выказаў захапленьне дзейнасьцю цэнтру й яго актывістаў, а таксама запэўніў у далейшым супрацоўніцтве.

Першы сакратар амбасады ЗША Моніка Плант у сваёй прамове выказала спадзяваньне, што „дзейнасьць „Вясны“ паспрыяе таму, што Беларусь стане свабоднай і дэмакратычнай краінай”.

Зь юбілеем „Вясну” павіншавалі таксама прадстаўнікі шэрагу няўрадавых арганізацыяў Беларусі, праваабаронцы, юрысты, палітыкі.

Падарункамі для юбіляраў сталі фатаздымкі, салодкія пачастункі, а таксама сьпевы й бел-чырвона-белыя кветкі.

svaboda.org/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт