Logo Polskiego Radia
Print

Рух Някляевa гатовы абараняць сувэрэнітэт Беларусі

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 31.05.2016 13:27
Гэта адказ арганізацыі на дэклярацыю Агульнарускага нацыянальнага руху, што ў Маскве.
Foto: Kasia_Jot/flickr.com

Рух „За дзяржаўнасьць і незалежнасьць!”, выступаючы за добрасуседзкія адносіны з Расеяй, Украінай і краінамі ЭЗ, заявіў пра „рашучасьць супрацьстаяць любым намерам пазбавіць Беларусь дзяржаўнага сувэрэнітэту”, за які будзе „змагацца ўсімі сіламі й спосабамі”.

Адпаведная заява савета руху, які ўзначальвае былы кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімір Някляеў, была прынятая 30 траўня як рэакцыя на сход Агульнарускага нацыянальнага руху, што прайшоў 28 траўня ў Маскве. У палітычнай дэклярацыі гэтай арганізацыі, якую ўзначальвае былы міністар абароны самаабвешчанай ДНР Ігар Стралкоў (Гіркін), гаворыцца, што яна выступае „за аб'яднаньне РФ, Украіны, Беларусі, а таксама іншых рускіх зямель у адзінай агульнарускай дзяржаве й ператварэньне ўсёй тэрыторыі былога СССР у безумоўную рускую зону ўплыву”. Прадстаўнікі Агульнарускага нацыянальнага руху маюць намер змагацца за забесьпячэньне правоў, свабод і інтарэсаў рускіх, якія жывуць у іншых дзяржавах і пакутуюць ад дыскрымінацыі.

Рух „За дзяржаўнасьць і незалежнасьць!” разглядае гэтую заяву „як замах імпэрскіх, шавіністычных сілаў Расеі на дзяржаўнасьць і незалежнасьць Беларусі”. „Спосабы „аб'яднаньня й ператварэньня ўсёй тэрыторыі былога СССР у безумоўна рускую зону ўплыву”, якімі не ў дэклярацыях, а ў рэальнасьці карыстаецца кіраўнік Агульнарускага нацыянальнага руху Ігар Стралкоў і яго хаўрусьнікі, прадэманстраваныя ўсяму сьвету ва Ўкраіне”, — гаворыцца ў дакумэнце.

Рух „За дзяржаўнасць і незалежнасьць!” заклікае беларусаў „быць пільнымі”. „Мы захаваем цэласнасьць, дзяржаўнасьць і незалежнасьць нашай Айчыны, чаго б нам гэта ні каштавала”, — падкрэсьліваецца ў заяве.

Рух „За дзяржаўнасьць і незалежнасьць!” створаны ў мэтах „захаваньня і ўмацаваньня дзяржаўнасьці й незалежнасьці краіны”. Акрамя Някляева заснавальнікамі выступілі першы кіраўнік незалежнай Рэспублікі Беларусь Станіслаў Шушкевіч, першы беларускі ляўрэат Нобэлеўскай прэміі Сьвятлана Алексіевіч, экс-кандыдат у прэзыдэнты нядаўні палітвязень Мікалай Статкевіч, прафсаюзны лідар Генадзь Фядыніч, палітык і літаратар Лявон Баршчэўскі й многія іншыя палітыкі, дзеячы культуры, грамадзкія дзеячы. У студзені рух зрабіў спробу афіцыйнай рэгістрацыі ў Беларусі, аднак атрымаў адмову Мінюста.

belapan.com/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт