Logo Polskiego Radia
Print

У Беларусі ўдасканальваецца сыстэма атрыманьня прытулку

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 20.06.2016 13:42
Краіна хоча дастасаваць сваё права да міжнародных тэндэнцыяў.
pixabay.com

Беларусь удасканальвае сыстэму атрыманьня прытулку, каб дастасаваць нацыянальнае заканадаўства да канвэнцыйных нормаў і сучасных міжнародных тэндэнцыяў у галіне абароны ўцекачоў.

Пра гэта на прэс-канфэрэнцыі 20 чэрвеня казалі прадстаўнік Упраўленьня Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў (УВКБ ААН) у Беларусі Жан Іў Бушардзі, намесьнік начальніка дэпартамэнта па грамадзянстве й міграцыі МУС Міхаіл Грыб і намесьнік начальніка аддзела Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Юрый Паноў.

Яны асабліва зьвярнулі ўвагу на тое, што на бягучай сэсіі беларускага парлямэнта плянуецца прыняць у другім чытаньні новую рэдакцыю закона аб вымушанай міграцыі, якая распрацаваная ў тым ліку для прывядзеньня некаторых яго палажэньняў у адпаведнасьць з Канвэнцыяй ААН 1951 году аб статусе бежанцаў.

Як адзначыў Міхаіл Грыб, праект закона прадугледжвае, у прыватнасьці, увядзеньне адзінай працэдуры прыёму й разгляду хадайніцтваў аб атрыманьні статусу бежанца, дадатковай абароны або прытулку, пры гэтым тэрмін разгляду такога хадайніцтва як правіла ня будзе перавышаць паўгода. Плянуецца вызначыць катэгорыі асоб, на якіх не распаўсюджваюцца міжнародная абарона й гарантыі нявысылкі, падставы для адмовы ў атрыманьні статусу бежанца. Будзе некалькі спрошчаны доступ вымушаных мігрантаў да мэдыцынскага забесьпячэньня й адукацыі.

Прадугледжваецца ўвядзеньне новых палажэньняў у частцы парадку арганізацыі працы з замежнікамі, калі людзі, якія масава прыбываюць у краіну, хадайнічаюць аб абароне, паўнамоцтваў дзяржорганаў па іх уліку і абавязковым дактыляскапіраваньні й мэдыцынскім аглядзе, ідэнтыфікацыі асобы, парадку абыходжаньня з хадайніцтвамі аб абароне замежнікаў, якія знаходзяцца ў пункце пропуску праз мяжу й якія ня маюць падставы для пропуску праз дзяржмяжу, а таксама замежнікаў, якія знаходзяцца ў працэдуры экстрадыцыі.

Асобна Міхаіл Грыб падкрэсьліў, што некалькі спросьцяцца працэдуры па зборы дакумэнтаў, дзяржаўныя органы будуць самастойна зьбіраць некаторыя зь іх.

belapan.com/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт