Logo Polskiego Radia
Print

„Белавія” павялічвае колькасьць рэйсаў у Адэсу

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 28.06.2016 12:49
Такім чынам колькасьць рэйсаў у Адэсу вырасьце да 12 разоў на тыдзень.
Andrea/flickr.com

З 16 ліпеня 2016 году ААТ „Авіякампанія „Белавія” ўводзіць 2 дадатковыя рэгулярныя рэйсы зь Менска ў міжнародны аэрапорт Адэса. Такім чынам колькасьць рэйсаў у Адэсу вырасьце да 12 разоў на тыдзень, паведамілі ў прэс-службе авіякампаніі.

У авіякампаніі таксама адзначылі, што выкананьне дадатковых рэйсаў заплянавана па аўторках і суботах на самалётах „Boeing 737-300” у двухкляснай кампаноўцы. Дадатковыя рэйсы будуць вылятаць зь Менска ў 00.20, а прылятаць у Адэсу ў 1.40. Зваротныя рэйсы будуць адпраўляцца з Адэсы ў 3.30, а прыбываць у Менск у 5.00.

Як паведамлялася, з 17 чэрвеня 2016 году „Белавія” ўжо ўвяла тры дадатковыя дзённыя рэйсы ў Адэсу з Менска па панядзелках, серадах і пятніцах з вылетам у начны час. „Такім чынам, у Адэсу ў нас будзе ажыцьцяўляцца пяць рэйсаў на тыдзень у начны час і сем - у дзённы”, - расказалі ў прэс-службе.

Такім чынам колькасьць рэйсаў, што выконваюцца авіякампаніяй „Белавія” ў гарады Ўкраіны, вырасьце да 54 на тыдзень. На гэты час беларускі перавозчык лятае ў такія ўкраінскія аэрапорты, як Барыспаль, міжнародны аэрапорт Кіеў (Жуляны), міжнародны аэрапорт Харкаў, міжнародны аэрапорт Адэса. Таксама ў адпаведнасьці з пагадненьнем аб сумеснай эксплёатацыі рэйсаў з украінскай авіякампаніяй „Матор Січ” на сайце www.belavia.by можна набыць білеты па яшчэ адным украінскім маршруце - Запарожжа - Менск - Запарожжа.

Авіякампанія „Белавія” - буйнейшы авіяперавозчык Беларусі. Базіруецца ў Нацыянальным аэрапорце Менск і ажыцьцяўляе рэгулярныя рэйсы ў 47 аэрапортаў 28 краін Эўропы й Азіі.

belta.by/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт