Logo Polskiego Radia
Print

Ярмошына раскажа дэпутатам ПАРЭ пра свабоду СМІ ў Беларусі

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 28.06.2016 15:17
Ярмошына сказала, што місія БДІПЧ АБСЭ магчыма прыедзе ў Менск пазьней, чым дагэтуль.
Foto: svaboda.org

Удзельнікі сёньняшняга паседжаньня Цэнтральнай выбарчай камісіі аднагалосна прагаласавалі за тое, каб старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына 3-5 ліпеня прадставіла Беларусь у Бэрліне, дзе пройдзе міжнародны сэмінар „Свабода СМІ як кутні камень дэмакратычных выбараў”.

У мерапрыемстве возьмуць удзел прадстаўнікі краін, якія ўваходзяць у праграму Ўсходняга партнэрства, Вэнэцыянскай камісіі, Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ і дэпутаты Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы.

Паводле сакратара ЦВК Мікалая Лазавіка, з Бэрліна паступіла асабістае запрашэньне для старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай. Міністэрства замежных спраў Беларусі палічыла мэтазгодным накіраваць Лідзію Ярмошыну ў Бэрлін для таго, каб яна выклала афіцыйную пазыцыю аб ролі сродкаў масавай інфармацыі, аб журналісцкай этыцы й іншых пытаньнях, зьвязаных зь дзейнасьцю журналістаў у часе выбарчых кампаній.

Сваю згоду на паездку Ярмошынай у Бэрлін даў і Аляксандар Лукашэнка.

Сёньня Лідзія Ярмошына паведаміла, што місія БДІПЧ АБСЭ магчыма прыедзе ў Менск пазьней, чым гэта было дагэтуль. А тэхнічная місія БДІПЧ магчыма наагул на гэтыя выбары не прыедзе. Паводле Ярмошынай, прадстаўнікі БДІПЧ паведамілі ёй, што яны добра ведаюць сытуацыю ў краіне, бо прыяжджалі на прэзыдэнцкія выбары, а за гэты час мала што зьмянілася.

Таму ня выключана, што доўгатэрміновыя назіральнікі БДІПЧ АБСЭ на выбары ў Палату Прадстаўнікоў прыедуць пазьней, чым гэта традыцыйна рабілася падчас парлямэнцкіх кампаній.

svaboda.org/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт