Logo Polskiego Radia
Print

ЭГУ пераязджае ў цэнтар Вільні

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 27.08.2016 14:59
У гэтым годзе Эўрапейскi гуманітарны ўнівэрсытэт адзначае дзесяцігодзьдзе працы ў Летуве.
commons.wikimedia.org/public domain

Kіраўнік Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэта (ЭГУ) акадэмік Анатоль Міхайлаў разам зь міністрам замежных спраў Летувы Лінасам Лінкявічусам і канцлерам Міністэрства асьветы й навукі Томасам Даўкантасам аглядзелі комплекс Аўгустынскага кляштара ў Вільні, куды ўжо ў наступным акадэмічным годзе плянуе пераехаць унівэрсытэт.

Летува падтрымлівае ЭГУ з моманту заснаваньня ўнівэрсытэта ў Вільні ў 2005 годзе, калі з-за палітычнага прыгнёту з боку беларускіх уладаў ВНУ была вымушана спыніць уласную дзейнасьць у Менску й стаць адзіным у Эўропе ўнівэрсытэтам у выгнаньні.

Падчас міжнароднай Донарскай канфэрэнцыі ў 2009 г. урад Летувы прыняў абавязак пра перадачу ўнівэрсытэту памяшканьняў Аўгустынскага кляштара, які знаходзіцца ў Старым горадзе Вільні. На дадзены момант супольнасьць унівэрсытэта, які ўжо 10 год працягвае працу ў Вільні, месьціцца ў розных частках летувіскай сталіцы.

У гэтым годзе ЭГУ адзначае дзесяцігодзьдзе працы ў Летуве. 10 сакавіка ў Вільні па ініцыятыве Эўрапейскай камісіі й Міністэрства замежных спраў Летувы адбылася міжнародная Донарская канфэрэнцыя. Падтрымку ўнівэрсытэту аказваюць Эўрапейская камісія, урады Паўночных краін і іншых дзяржаў Эўрапейскага зьвязу, а таксама прыватныя фонды ЗША й краін Эўропы.

racyja.com/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт