Logo Polskiego Radia
Print

За выхадныя менчукі на кірмашах закупіліся сельгаспрадукцыяй на 1 млн рублёў

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 19.09.2016 16:35
Прадукцыю прадавалі тут зь мінімальнымі надбаўкамі - бульба каштавала ў 2 разы таньней, чым у крамах.
pixabay.com/Public Domain CC0

За мінулыя выхадныя, 17 і 18 верасьня, жыхары Менска на кірмашах закупіліся гароднінай, садавіной і іншымі таварамі на 1 мільён дэнамінаваных рублёў (за два дні на пляцоўцы каля «Чыжоўка-Арэны» - 750 тыс. рублёў), што эквівалентна амаль 500 тыс. даляраў. Пра гэта сёньня паведамілі ў Галоўным упраўленьні спажывецкага рынку Менгарвыканкама.

Прадстаўнікі ведамства адзначылі, што ў гэтыя выхадныя каля «Чыжоўка-Арэны» ў Менску прайшоў Рэспубліканскі кірмаш з удзелам прадпрыемстваў Берасьцейскай вобласьці. Для гандлю на гэтым кірмашы было адведзена больш за 25 тысяч квадратных мэтраў. 350 прадстаўнікоў рэгіёну прывезьлі ў Менск плодаагароднінную прадукцыю, мяса, рыбу, малочную прадукцыю, мёд, кулінарныя й кандытарскія вырабы й інш.

Сельскагаспадарчую прадукцыю прадавалі тут зь мінімальнымі надбаўкамі - бульба каштавала ў 2 разы таньней, чым у крамах. У цэлым за выхадныя ў Менску прадалі больш за 900 тон плодаагародніннай прадукцыі, 39 тон мясной прадукцыі, 11 тон рыбы й рыбнай прадукцыі. Рэалізацыя гародніны ажыцьцяўлялася па наступных цэнах: бульба - 20-40 капеек за 1 кіляграм, капуста - 24-50 кап., морква - 25-50 кап., буракі - 20-50 кап., цыбуля - 30-60 кап., яблыкі - 40 коп.-1,5 руб.

Наступныя кірмашы пройдуць каля «Чыжоўка-Арэны», каля Палаца спорту і ў іншых раёнах горада.

тэлеграф/вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт