Logo Polskiego Radia
Print

З пачатку года беларусы атрымалі амаль 2,2 млн эўра па чэках Tax Free

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 05.10.2016 15:23
Гэтая сума на 630 тысяч эўра менш, чым за аналягічны пэрыяд мінулага года.
Фота: pixabay.com/CC0 Public Domain

За тры квартала гэтага года беларусы атрымалі ў Тэхнабанку 2 мільёна 190 тысяч эўра па чэках Tax Free. Гэтая сума на 630 тысяч эўра менш, чым за аналягічны пэрыяд мінулага года, паведаміла FINANCE.TUT.BY начальнік упраўленьня банкаўскага абслугоўваньня фізычных асоб Тэхнабанка Надзея Ерахавец.

Беларусы часьцей за ўсё вяртаюць грошы па чэках Tax Free кампаніі Global Blue з летувіскіх, польскіх і нямецкіх крам, адзначыла Надзея Ерахавец.

Раней у Мытнай палаце ў Беластоку паведамлялі аб тым, што беларусы на чвэрць скарацілі выдаткі ў польскіх крамах, гандлёвых цэнтрах і рынках.

Сумы, якія беларусы атрымліваюць па чэках Tax Free, маглі скараціцца з-за новых мытных правілаў, якія ўвялі ў Беларусі з 14 красавіка. Цяпер пры выезьдзе за мяжу часьцей, чым раз у тры месяцы, беларусы могуць бяспошлінна завезьці тавар на суму ня больш за 300 эўра й вагой ня больш за 20 кіляграмаў.

Акрамя таго, кампанія Global Blue ўвяла з 27 ліпеня камісію за вяртаньне грошай па чэках Tax Free, па якіх сума для выплаты перавышае 50 эўра. За перавышэньне гэтага ліміту за кожны чэк трэба заплаціць па 3 эўра камісіі.

Нагадаем, у мінулым годзе Тэхнабанк выплаціў беларусам, якія вярнуліся з-за мяжы з таварамі, каля 4 мільёнаў эўра па чэках Tax Free, у 2014 годзе – каля 5 мільёнаў эўра, а ў 2013-м годзе – крыху больш за 5 мільёнаў эўра.

tut.by/ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт