Logo Polskiego Radia
Print

Google адмовілася выдаць беларускім уладам дадзеныя карыстальнікаў

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 25.10.2016 10:38
Запыт на атрыманьне інфармацыі пра карыстальніка паступіў ад урадавай установы.
pixabay.com/CC0

У кастрычніку кампанія Google апублікавала «справаздачу аб празрыстасьці» за першае паўгодзьдзе 2016 года. Упершыню карпарацыя паведаміла пра запыт наконт дадзеных карыстальнікаў, які паступіў зь Беларусі.

Кампанія атрымала зь Беларусі адзін запыт, які тычыўся пяці акаўнтаў. Задаволены ён ня быў. Запыт мог тычыцца любога з прадуктаў кампаніі – Gmail, YouTube, Chrome або Hangouts. Запыт на атрыманьне інфармацыі пра карыстальніка паступіў ад урадавай установы. Кампанія не называе канкрэтную арганізацыю, аднак тлумачыць, што гэта магло быць распараджэньне суда або іншы афіцыйны запыт.

З Расеі за гэты ж пэрыяд паступіла 237 запытаў (інфармацыю далі па 7%), з Украіны – 6 (задаволілі 17%), з Польшчы – 497 (34% адказаў). Рэкардсмэн тут – ЗША: улады зьвярнуліся ў кампанію 14 168 разоў, па 79% запытаў Google падала інфармацыю. Усяго за шэсьць месяцаў карпарацыя атрымала 44 943 запыты й падзялілася дадзенымі ў 64% выпадкаў.

tut.by/вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт