Logo Polskiego Radia
Print

Саміт Усходняга партнэрства адбудзецца ў лістападзе 2017 г.

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 14.11.2016 15:18
У дакумэнце закранаецца тэма паляпшэньня адносін паміж Эўразьвязам і Беларусьсю.
 commons.wikimedia.org/UTR NEWS/CC BY-SA 3.0

Чарговы саміт Усходняга партнэрства (УП) пройдзе ў Брусэлі праз год. Пра гэта была вырашана на пасяджэньні Рады Эўразьвязу па замежных справах.

Абмеркаваць дэталі дадзенага саміту рада мае намер да лета наступнага года. «На саміце будуць прааналізаваныя вынікі, дасягнутыя ў рамках Усходняга партнэрства пасьля саміту ў Рызе, і абмеркаваныя крокі па далейшаму ўмацаваньню супрацоўніцтва паміж дзяржавамі – партнэрамі ды ЭЗ, а таксама паміж партнэрамі», – адзначаецца ў дакумэнце.

Рада ЭЗ па замежных справах прызнае пэўны прагрэс дзяржаў – удзельніц УП па рэалізацыі абавязацельстваў, прынятых на саміце ў Рызе ў 2015 годзе. У той жа час гэты эўрапейскі орган падкрэсьліў важнасьць таго, што ўдзельнікі праграмы і ў будучым павінны быць гатовыя праводзіць рэформы, у прыватнасьці «у сфэры судовай сыстэмы, барацьбы з карупцыяй і дзяржаўнага кіраваньня».

У дакумэнце закранаецца тэма паляпшэньня адносін паміж Эўразьвязам і Беларусьсю. У прыватнасьці, Рада вітае магчымасьць «далейшага разьвіцьця адносінаў ЭЗ – Беларусь у адпаведнасьці з канкрэтнымі крокамі, якія павінны быць зробленыя Беларусьсю, у тым ліку ў сфэры правоў чалавека і дэмакратыі».

Адабрэньне рады выклікала нядаўняе падпісаньне з Беларусьсю пагадненьня аб партнэрстве ў сфэры мабільнасьці. Цяпер рада чакае завяршэньня перамоў аб спрашчэньні візавага рэжыму і рэадмісіі.

Усходняе партнэрства – праект ЭЗ, закліканы разьвіваць інтэграцыйныя сувязі Эўразьвязу з Азэрбайджанам, Армэніяй, Беларусьсю, Грузіяй, Малдовай і Ўкраінай. Беларусь у ім удзельнічае толькі на ўзроўні шматбаковага супрацоўніцтва. З-за праблемаў з правамі чалавека і замарозкай адносін з ЭЗ у папярэднія гады Беларусь не ўдзельнічала ў рэалізацыі двухбаковых праектаў у рамках Усходняга партнэрства.

Эўрапейская служба вонкавых сувязяў/нг





Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт