Logo Polskiego Radia
Print

Дашкевіча, які абвінаваціў АМАП у зьбіцьці, аштрафавалі на тысячу рублёў

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 16.11.2016 14:41
Актывіста аштрафавалі за спробу зрыву ўрачыстага адкрыцьця помніка Леніну каля МТЗ 7 лістапада.
Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Дашкевіча, які абвінаваціў АМАП у зьбіцьці, аштрафавалі на тысячу рублёў за акцыю каля помніка Леніну.

Суд Партызанскага раёна Менска аштрафаваў лідара незарэгістраванага «Маладога фронту» Зьміцера Дашкевіча на 50 базавых велічынь (1050 рублёў) за спробу зрыву ўрачыстага адкрыцьця помніка Леніну каля МТЗ 7 лістапада.

Актывіста апазыцыі абвінавацілі ў непадпарадкаваньні міліцыі (артыкул 23.4 КаАП) і паўторным на працягу года ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве (ч.3. Арт. 23.34 КаАП). Таксама суд разгледзеў абвінавачаньне ў хуліганстве, але адправіў справу на дапрацоўку. Да слоў Дашкевіча аб перавышэньні амапаўцамі службовых паўнамоцтваў, зьбіцьці й зьдзеках суд не прыслухаўся.

- У якасьці сьведак былі апытаныя й двое супрацоўнікаў АМАП, якія прымалі ўдзел у зьбіцьці – гэта Андрэй Лявонаў і Павел Яфрэмаў, – удакладніў актывіст.

Лявонаў сказаў у судзе, што бойку справакаваў сам Дашкевіч, а затрыманьне ён праводзіў, каб спыніць масавыя беспарадкі.

Яфрэмаў дадаў, што АМАП выратаваў Дашкевіча ад расправы камуністаў.

- Калі б мы яго ня выратавалі, яго б забрала хуткая дапамога, – сказаў амапавец.

Ён не прызнаў, што зьбіваў Дашкевіча й спрабаваў засунуць дубінку яму ў рот.

- Судзьдзя адмовілася праглядаць відэа, зьнятыя журналістамі пры маім затрыманьні, дзе сапраўды відаць, што ніякія камуністы мяне не зьбівалі й ні ад каго мяне ратаваць ня трэба было, – сказаў на заканчэньне Дашкевіч.

Для яго вынік судовага паседжаньня быў чаканым, але ён вырашыў прыйсьці ў суд, каб даведацца прозьвішчы амапаўцаў, якія яго затрымалі, і «аказаць на іх ціск». Звычайна Дашкевіч на суды ня ходзіць, толькі калі яго прымусова на іх дастаўляюць.

- Па амапаўцам было відаць, што ім вельмі не падабаецца, што прыйшлі журналісты, што яны бачаць свае фота ў СМІ. І гэта зьяўляецца гарантыяй, што такое больш не паўторыцца, – лічыць палітык.

Актывіст пікетаваў адкрыцьцё помніка Леніну каля МТЗ 7 лістапада. Ён быў затрыманы супрацоўнікамі АМАП і зьбіты. Актывіст апазыцыі не ўпершыню сутыкаецца з гвалтам з боку сілавікоў, але на гэты раз вырашыў напісаць заяву на іх дзеяньні й зьняць пабоі, так як, па яго словах, «такога скрыўленьня не сустракаў ніколі».

tut.by/ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт