Logo Polskiego Radia
Print

У Менску судзяць 11 ашмянскіх мытнікаў

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 18.11.2016 11:31
Абвінавачаным у хабарніцтве мытнікам пагражае ад 5 да 15 гадоў пазбаўленьня волі.
pixabay.com/Creative Commons Public Domain CC0

У судзе Партызанскага раёна Менска пачаўся працэс па справе ашмянскіх мытнікаў. На лаве падсудных 11 чалавек, ім выстаўленае абвінавачаньне ў атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры (ч. 3 арт. 430 КК).

Пяцёра абвінавачаных утрымліваюцца пад вартай, астатнія пад дамашнім арыштам.

5 красавіка 2015 году Аляксандр Лукашэнка ў эфіры беларускіх тэлеканалаў паведаміў аб выяўленьні карупцыйнай схемы на Ашмянскай мытні. „У злачынную дзейнасьць быў уцягнуты ледзь не ўвесь асабісты склад мытнага паста „Каменны Лог”, — сказаў ён. — Яны атрымалі прыбытак у памеры некалькіх мільёнаў даляраў. Нанесеная краіне шкода павінна быць кампэнсаваная не проста ў поўным, а ў трох-, пяціразовым памеры”, - дадаў кіраўнік краіны.

Расьсьледаваньнем займаўся Камітэт дзяржбясьпекі. Было распачата пяць крымінальных спраў за атрыманьне й даваньне хабару. У сакавіку й красавіку затрымалі прыблізна 20 былых і дзейных на той час супрацоўнікаў мытнага пункта „Каменны Лог”. У выніку было сфармавана некалькі крымінальных спраў. Напрыклад, былы начальнік Ашмянскай мытні Іван Нівяркевіч ў сакавіку 2016 года быў асуджаны на шэсьць гадоў пазбаўленьня волі.

Прэс-служба КДБ паведаміла, што на мяжы зь Летувой была арганізаваная шырокамаштабная схема ўхіленьня ад выплаты мытных плацяжоў. Хабар складаў ад 250 да 3.000 даляраў — у залежнасьці ад колькасьці грузаў.

Сярод абвінавачаных вядомы краязнаўца Алесь Юркойць, які ў вольны ад працы час вывучаў Астравецкі край, быў ініцыятарам культурных мерапрыемстваў, выданьня кніг, курсаў беларускай мовы ў раёне. У судзе ён выступае па-беларуску.

Згодна з ч. 3 арт. 430 КК абвінавачаным пагражае ад 5 да 15 гадоў пазбаўленьня волі. Некаторыя зь іх знаходзяцца пад вартай з сакавіка 2015 году.

belapan.com/аз


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт