Logo Polskiego Radia
Print

Беларусь атрымала шэсьць ваенна-транспартных верталётаў з Расеі

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 28.11.2016 17:00
Наступныя шэсьць верталётаў будуць перададзеныя ў 2017 годзе.
Alex Beltyuko/Wikipedia/CC BY-SA 3.0

«Верталёты Расеі» ў панядзелак перадалі Мінабароны Беларусі яшчэ шэсьць верталётаў Мі-8МТВ-5, тым самым завяршыўшы выкананьне першай часткi кантракта на пастаўку дванаццаці ваенных верталётаў, паведамілі «Інтэрфаксу» ў прэс-службе холдынгу.

«Урачыстая цырымонія перадачы шасьці машын вытворчасьці Казанскага верталётнага завода холдынгу «Верталёты Расеі» (уваходзіць у дзяржкарпарацыю Расцех) адбылася сёньня на аэрадроме Мачулішчы (Менск) пры ўдзеле міністра абароны, камандуючага ВПС і СПА рэспублікі, а таксама кіраўніцтва расейскага холдынгу», – сказаў супрацоўнік прэс-службы.

Паводле яго слоў, ваенна-транспартныя верталёты Мі-8МТВ-5 паступілі ў распараджэньне Міністэрства абароны Беларусі яшчэ ў пачатку кастрычніка гэтага года, а сёньня ў ходзе ўрачыстай цырымоніі тэхніка была перададзена асабістаму складу 50-й зьмяшанай авіяцыйнай базы ВПС РБ.

«Такім чынам, холдынг «Верталёты Расеі» завяршыў выкананьне першай часткi кантракта на пастаўку дванаццаці ваенных верталётаў Мі-8МТВ-5, які быў падпісаны ў ходзе Міжнароднага ваенна-тэхнічнага форуму» Войска-2015», – адзначыў прадстаўнік холдынгу.

Генэральны дырэктар «Верталётаў Расеі» Аляксандар Міхееў падчас цырымоніі заявіў, што як чакаецца, перадача наступнай партыі з шасьці машын адбудзецца ў 2017 годзе.

Шматмэтавы транспартны верталёт Мі-8МТВ-5 ставіцца да сямейства Мі-8/17. Прадстаўнікі дадзенай сэрыі верталётаў прымяняюцца ў мэдыка-санітарных і пошукава-выратавальных місіях, выконваюць грузапасажырскія перавозкі.

Інтэрфакс/ав


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт