Logo Polskiego Radia
Print

У Беларусі адкрываецца экспазыцыя прысьвечаная праблеме ўцекачоў

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 05.12.2016 12:17
Выставу “Крэпасьць Эўропа. Усходні бастыён” можна ўбачыць у Берасьцейскай арт-прасторы КХ з 8 сьнежня.
Foto: https://www.facebook.com/HumanConstanta

Галоўная тэма выставы – становішча бежанцаў з Паўночнага Каўказу на беларуска-польскай мяжы. Экспазыцыя стала вынікам калябарацыі паміж мастакамі, куратарамі і валянтэрамі праваабарончай установы “Human Constanta”.

Напачатку верасьня Human Constanta разгарнула ў горадзе гуманітарную і праваабарончую місію па працы з бежанцамі. Вялася сумесная праца з прадстаўнікамі мастацкай супольнасьці, вынікам якой стала выстава.

Сярод экспанатаў выставы сэрыя партрэтаў Аляксандра Васюковіча, якія паказваюць бежанцаў з Чачні і іхны берасьцейскі побыт, доўгія чаканьні цягнікоў, жыцьцё на здымнай кватэры ці на вакзале. На выставе таксама паказаны фільм Максіма Сарычава, які зьяўляецца дакумэнтацыяй валянтэрскай актыўнасьці. Гэта таксама працы Марыны Напрушкінай з праекту “Бібліятэка ўцекача”, у якіх ілюстрацыямі паказаны судовыя працэсы па заявах на атрыманьне прытулку.

Апроч таго, на выставе будуць прадстаўленыя справаздачы і звароты ўстановы “Human Constanta”, а таксама дакумэнтацыя акцый, якія праводзілі валянтэры місіі. Адкрыцьцё выставы “Крэпасьць Эўропа. Усходні бастыён” пройдзе 8 сьнежня а 19-й гадзіне ў прасторы КХ у Берасьці (вул. Халтурына, 2/1).

Паводле ПЦ “Вясна”/юл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт