Logo Polskiego Radia
Print

Беларусы адсьвяткавалі 125-годзьдзе з дня народзінаў Максіма Багдановіча

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 10.12.2016 12:23
Вершы паэта чыталі дзяржаўныя чыноўнікі, студэнты, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці.
wikimedia commons/public domain

У Беларусі прайшлі ўрачыстасьці з нагоды 125-годзьдзя з дня нараджэньня паэта Максіма Багдановіча. Мітынг «Паклонімся Максіму» адбыўся ля помніка Багдановічу ў Менску. Сярод удзельнікаў мітынгу былі намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Ігар Бузоўскі й міністар культуры Барыс Сьвятлоў – перадае інфармагенцтва БЕЛТА.

Удзельнікі мітынгу запалілі лямпады ў памяць пра беларускага песьняра і ўсклалі кветкі да яго помніка. Раніцай у храме Ўсіх Сьвятых у Менску адбылася цырымонія «Вяртаньне». У крыпце храма заклалі капсулу з зямлёй з магілы паэта ў Ялце. У Белай зале храму адбылося мэмарыяльнае літаратурнае чытаньне.

Да юбілею Багдановіча ў Менску рэканструявалі Літаратурны музэй яго імені, была ўрачыста адкрытая абноўленая экспазыцыя, якая расказвае пра жыцьцёвы і творчы шлях паэта. Ля помніка Максіму Багдановічу прайшла літаратурная акцыя «Расьцем разам з Максімам». Вершы паэта чыталі беларусы рознага ўзросту.

Пасьля афіцыйных мерапрыемстваў даніну павагі паэту аддалі прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці. Некалькі дзесяткаў чалавек прынялі ўдзел у літаратурных чытаньнях да 125-годдзя Максіма Багдановіча па закліку старшыні Руху «За Свабоду» Юрася Губарэвіча – перадае прэс-служба руху.

«Багдановіч – гэта той чалавек, які паспрыяў фармаваньню літаратурнай беларускай мовы і разуменьню беларусамі сабе як нацыі», – нагадаў прысутным Юрась Губарэвіч.

Удзельнікі сьвята пад нацыянальнымі сьцягамі прачыталі нізку вершаў Багдановіча, усклалі кветкі й запалілі зьнічкі ля помніка.

belta.by/pyx.by/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт