Logo Polskiego Radia
Print

ПАРЭ выказала шкадаваньне ў сувязі з вынясеньнем чарговага сьмяротнага прысуду

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 05.01.2017 13:51
Асамблея зноў заклікала беларускія ўлады як мага хутчэй увесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне.
Photo: pixabay.com/Creative Commons Public Domain CC0

Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы (ПАРЭ) выказала шкадаваньне ў сувязі з вынясеньнем чарговага сьмяротнага прысуду ў Беларусі і зноў заклікала беларускія ўлады як мага хутчэй увесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне.

«Гэтая вельмі трывожная навіна прыходзіць пасьля таго, як чатыры сьмяротныя прысуды былі прыведзены ў выкананьне ў мінулым годзе. Гэты факт пасылае яшчэ адзін нэгатыўны сыгнал Радзе Эўропы і Парлямэнцкай асамблеі, для якіх адмена сьмяротнага пакараньня зьяўляецца прынцыповым пытаньнем», – гаворыцца ў паведамленьні, разьмешчаным на афіцыйным сайце ПАРЭ са спасылкай на генэральнага дакладчыка па пытаньнях адмены сьмяротнай кары Іва Крахтэна і дакладчыка па сытуацыі ў Беларусі Андрэа Рыгоні.

Эўрапарлямэнтары заклікалі беларускія ўлады «тэрмінова ўвесьці мараторый на выкананьне сьмяротных прысудаў». «Нішто ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь або заканадаўстве не перашкаджае прэзыдэнту Лукашэнка ці парлямэнту зрабіць гэты крок. Мараторый – гэта проста пытаньне палітычнай волі», – мяркуюць яны.

Андрэа Рыгоні таксама выказаў шкадаваньне, што канфэрэнцыя па пытаньні аб адмене сьмяротнага пакараньня, арганізаваная Радай Эўропы ў супрацоўніцтве з Міністэрствам замежных спраў Беларусі ў сьнежні, не прынесла адчувальных вынікаў. Ён заклікаў беларускія ўлады сурʼёзна паставіцца да дыялёгу і неадкладна спыніць сьмяротныя кары.

Як паведамлялася, у лістападзе мінулага года стала вядома аб выкананьні ў Беларусі трох сьмяротных прысудаў – у дачыненьні да Генадзя Якавіцкага, Івана Кулеша і Сяргея Хмялеўскага. Усяго ў 2016 годзе былі выкананы чатыры сьмяротныя прысуды. Сьмяротнае пакараньне асудзілі ЭЗ, БДІПЧ АБСЭ і Amnesty International.

У канцы сьнежня Гомельскі абласны суд Беларусі прысудзіў да сьмяротнага пакараньня жыхара Мазыра, які забіў двух сваіх дзяцей.

Інтэрфакс/ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт