Logo Polskiego Radia
Print

Эстонцы зьнялі фільм пра Станіслава Шушкевіча

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 17.01.2017 14:11
Станіслаў Шушкевіч пабачыў фільм у канцы мінулага году на кінафэстывалі ў Таліне.
Станіслаў ШушкевічСтаніслаў Шушкевічphoto: bnp.by

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч стаў героем дакумэнтальнага фільма эстонскіх журналістаў Айвара Валдрэ й Лаўры Ліпмаа.

Як адзначаецца ў рэцэнзіі да фільма пад загалоўкам „Шуша”, гэта карціна, якая распавядае пра паўсядзённае жыцьцё Станіслава Шушкевіча.

„Фільм пра тое, як жыве й пра што думае чалавек, які чвэрць стагодзьдзя таму ініцыяваў падпісаньне Белавескіх пагадненьняў, якія скасавалі СССР. Шушкевіч, які час ад часу грае для сябе й сяброў раньнія песьні Высоцкага, зьяўляецца адным з найвялікшых людзей сучаснай гісторыі, чыя ініцыятыва выклікала „эфэкт даміно“ й прывяла да наймацнейшага геапалітычнага зруху ў Эўропе. Аднак сам Шушкевіч лічыць самым галоўным ня тое, што ён адправіў „шостую частку сушы“ да продкаў, а тое, што ён зрабіў незалежную Беларусь бязьядзернай дзяржавай”, — адзначаецца на сайце эстонскага кінафэстывалю.

Станіслаў Шушкевіч пабачыў фільм у канцы мінулага году на кінафэстывалі ў Таліне „Цёмныя ночы”.

„Публікай фільм быў вельмі добра ўспрыняты. Мая жонка потым доўга на мяне сварылася за гэты фільм — кажа, што зрабілі нейкі прыватны фільм. Але я нічога супраць ня маю — гэта добрыя журналісты, добрыя дакумэнталісты. Яны вельмі прыстойныя й сумленныя людзі, мне яны спадабаліся”, - расказаў Радыё Свабодзе Станіслаў Шушкевіч.

Экс-старшыня Вярхоўнага Савету кажа, што асабліва новага ён у гэтым фільме не распавядае пра сябе.

„Я баюся, што нічога там не расказваю: я проста паказаў сваё лецішча, кабінэт, кампутар... Яны наогул ня столькі пыталі ў мяне, колькі здымалі”, — кажа Шушкевіч.

svaboda.org/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт