Logo Polskiego Radia
Print

КДБ абнародаваў зьвесткі пра затрыманьне Аляксандра Кныровіча й яго калег

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 27.01.2017 15:37
Па выніках апэратыўнай распрацоўкі, якая ахапіла практычна ўсе рэгіёны рэспублікі, затрыманыя і зьмешчаныя пад варту ў СІЗА КДБ 11 чалавек.
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain

Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі апублікаваў зьвесткі пра затрыманьне сузаснавальніка групы кампаній «Сармат» і гаспадара менскага бара Bristle Аляксандра Кныровіча.

«КДБ Рэспублікі Беларусь выкрытая, задакумэнтаваная й спыненая супрацьпраўная дзейнасьць службовых асоб камэрцыйных структур, прадпрыемстваў жыльлёва-камунальнай гаспадаркі й сфэры энэргетыкі, якія арганізавалі карупцыйную сыстэму паставак прадукцыі для дзяржаўных патрэб па завышаным кошце», – гаворыцца ў паведамленьні, разьмешчаным на сайце КДБ.

24–26 студзеня пры атрыманьні чарговых хабараў на агульную суму больш за 20 тыс. рублёў за спрыяньне ў прасоўваньні прадукцыі ТАА «СарматТэрма-Інжынірынг» на месцы злачынства былі затрыманыя кіраўнікі й службовыя асобы дзяржаўных арганізацый А.Жур (ДУВП «Бярозаўская ЖКГ»), А.Клец (РУП «Брэстэнерга»), І.Сцішанок (КВУП «Гомельаблцепласеткі»), М.Аўдзяйчук і М.Даніловіч (УВТК КУП «Брэстжылбуд»). Адначасова затрыманы брокер А.Калтуноў (дырэктар ТАА «Аншанс Плюс»), які прадстаўляў на біржы інтарэсы КВУП «Гомельаблцепласетки» і РУП «Свіслацкая ЖКГ».

У дачыненьні да згаданых асобаў распачатыя крымінальныя справы па арт. 430 КК (атрыманьне хабару), паведамляе КДБ.

Намесьнікі Кныровіча па камэрцыйных пытаньнях Папоўскі і па фінансах і эканоміцы Максімаў, якія арганізоўвалі перадачу грошай, прыцягнутыя па арт. 431 КК (дача хабару).

«Па выніках апэратыўнай распрацоўкі, якая ахапіла практычна ўсе рэгіёны рэспублікі, затрыманыя і зьмешчаныя пад варту ў СІЗА КДБ 11 чалавек, якія прызналі віну», – паведамляе КДБ.

БелаПАН/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт