Logo Polskiego Radia
Print

Пашпарт, страхоўка і грошы – рэчы, неабходныя для бязьвізавага ўезду

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 11.02.2017 19:10
Сьпіс дакумэнтаў, якія замежнік павінен мець пры сабе, каб уехаць у Беларуь бязь візы агучыў Дзяржаўны памежны камітэт.
Фота мае ілюстрацыйны характар.Фота мае ілюстрацыйны характар.Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain

Дзяржаўны памежны камітэт агучыў сьпіс дакумэнтаў, якія замежнік павінен мець пры сабе, калі жадае патрапіць у Беларусь бязь візы. Пра гэта паведамляе афіцыйнае інфармагенцтва БЕЛТА.

Пры перасячэнні дзяржаўнай мяжы ў пункце пропуску Нацыянальнага аэрапорту Менск трэба мець сапраўдны пашпарт і медыцынскі страхавы поліс. Страхоўку можна будзе набыць на месцы - у пункце пропуску, заявіў журналістам начальнік упраўлення пагранічнага кантролю Дзяржаўнага памежнага камітэту Алег Ляшук.

Акрамя таго, для ўезду ў бязвізавым рэжыме неабходна мець пры сабе суму грошай на кожны дзень знаходжання, эквівалентную ня менш чым двум базавым велічыням – гэта значыць 46 беларускім рублям альбо 20 эўра. Пры гэтым турыстам ня трэба мець пры сабе наяўныя.

Памежнікі ўжо назапасілі досвед працы ва ўмовах бязвізавага рэжыму. Ён дзейнічаў падчас правядзення ў краіне Чэмпіянату свету па хакеі ў 2014 годзе.

Прыгадаем, што з 12 лютага Беларусь ўводзіць пяцідзённы бязвізавы рэжым для грамадзянаў 80 краін. У сьпіс уваходзяць краіны Эўразьвязу, ЗША, Бразілія, Інданезія, Японія. Абавязковай умовай бязвізавага наведвання з'яўляецца прыбыццё ў краіну праз Нацыянальны аэрапорт Менск

Belta.by/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт