Logo Polskiego Radia
Print

Welcome to Belarus. Бязьвізавы рэжым уступіў у сілу

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 12.02.2017 08:47
З 12 лютага ў Беларусі дзейнічае пяцідзённы бязьвізавы рэжым для грамадзян 80 дзяржаў, якія прыбываюць у краіну праз аэрапорт «Менск».
 Нацыянальны аэрапорт «Менск» Нацыянальны аэрапорт «Менск»commons.wikimedia.org/Vasyatka1/CC BY-SA 4.0

З 12 лютага ў Беларусі дзейнічае пяцідзённы бязьвізавы рэжым для грамадзян 80 дзяржаў, якія прыбываюць у краіну праз нацыянальны аэрапорт «Менск».

Адпаведны ўказ быў падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам 9 студзеня. Яго дзеяньне распаўсюджваецца на 39 краін Эўропы, уключаючы ўвесь Эўразьвяз, а таксама Бразылію, Інданэзію, ЗША, Японію й шэраг іншых. Новыя правілы таксама распаўсюджваюцца на неграмадзян Латвіі й асоб без грамадзянства Эстоніі.

Для ўезду ў бязьвізавым рэжыме неабходна мець сапраўдны пашпарт ці іншы дакумэнт, якi яго замяняе для выезду за мяжу, грашовыя сродкі (на кожны дзень знаходжаньня суму ў валюце або беларускіх рублях, эквівалентную ня менш чым двум базавым велічыням), мэдыцынскі страхавы поліс на суму ня менш за 10 тысяч эўра, які дзейнічае ў Беларусі.

Для грамадзян Віетнама, Гаіці, Гамбіі, Гандураса, Індыі, Кітая, Лівана, Намібіі, Самоа абавязковым дадатковым патрабаваньнем зьяўляецца наяўнасьць у дакумэнце для выезду за мяжу сапраўднай шматразовай візы дзяржаў ЭЗ або Шэнгенскай зоны з адзнакай аб уезьдзе на іх тэрыторыю, а таксама авіябілетаў з пацьвярджэньнем у іх вылету з нацыянальнага аэрапорта «Менск» на працягу пяці дзён з даты ўезду.

Парадак бязьвізавага перамяшчэньня не распаўсюджваецца на асоб, якія прыбываюць у Беларусь авіярэйсамі з Расеі, а таксама якія плянуюць ажыцьцявіць вылет у аэрапорты Расеі, паколькі дадзеныя рэйсы зьяўляюцца ўнутранымі й пагранічны кантроль на іх не ажыцьцяўляецца.

Адзначалася, што ўказ накіраваны «на актывізацыю падарожжаў бізнэсмэнаў, турыстаў і прыватных асоб (...)».

Прыняцьце ўказа выклікала неадназначную рэакцыю ў Расеі. У Крамлі гэта новаўвядзеньне назвалі ўнутранай справай Беларусі, але ў расейскіх масмэдыя яно выклікала шырокі рэзананс.

naviny.by/вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт