Logo Polskiego Radia
Print

Стаўка рэфінансаваньня зьніжаецца да 15% гадавых

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 09.03.2017 08:17
Нацбанк: Зьніжэньне стала магчымым у сувязі з запаволеньнем інфляцыі.
Photo: pixabay.com

Праўленьне Нацыянальнага банка прыняло рашэньне аб зьніжэньні з 15 сакавіка стаўкі рэфінансаваньня з 16 да 15% гадавых. Зьніжэньне стала магчымым у сувязі з запаволеньнем інфляцыі, а таксама станоўчымі тэндэнцыямі на валютным і дэпазытным рынках, патлумачыла прэс-служба Нацбанка.

Акрамя стаўкі рэфінансаваньня прынятае рашэньне аб зьніжэньні ставак па пастаянна даступных і двухбаковых апэрацыях па падтрымцы бягучай ліквіднасьці банкаў — з 20 да 18% гадавых і ставак па пастаянна даступных апэрацыях выемкі ліквіднасьці — з 11 да 10% гадавых.

Як адзначае прэс-служба Нацбанка, інфляцыя працягвае зьніжацца, і яе запаволеньне адбываецца больш значнымі тэмпамі, чым чакалася раней. Прырост спажывецкіх цэн, па абноўленай ацэнцы, у лютым—красавіку 2017 году не перавысіць 8% у гадавым выражэньні.

„Далейшае запаволеньне інфляцыйных працэсаў, а таксама захаваньне пазытыўных тэндэнцый на валютным і дэпазытным рынках дазволіць захаваць найбліжэйшымі месяцамі накіраванасьць працэнтнай палітыкі на зьніжэньне працэнтных ставак у эканоміцы”, — гаворыцца ў паведамленьні Нацбанка.

У 2017 годзе стаўка рэфінансаваньня зьніжалася ўжо двойчы: 18 студзеня — з 18 да 17% гадавых, а 15 лютага — з 17 да 16% гадавых.

У 2016 годзе Нацбанк зьніжаў яе чатыры разы: з 25% у пачатку году да 18% у жніўні.

Сёлета, паводле афіцыйнага прагнозу рэгулятара, інфляцыя зьнізіцца да 9%, а стаўка рэфінансаваньня да канца году — да 14%.

belapan.com/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт