Logo Polskiego Radia
Print

Андрэа Рыгоні заклікае да вызваленьня беларускіх актывістаў

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 27.03.2017 15:17
Спэцдакладчык ПАРЭ мае намер прадставіць свой даклад Камітэту ў межах сэсіі Асамблеі.
Photo: Antonio Bonanno/flickr.com/Commercial use allowed

Па выніках свайго дасьледчага візыту ў Менск 23-24 сакавіка спэцдакладчык Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы па Беларусі Андрэа Рыгоні заклікаў беларускія ўлады падтрымліваць дыялёг з Парлямэнцкай асамблеяй і неадкладна вызваліць усіх затрыманых у сувязі з дэманстрацыямі ў сакавіку й штогадовым сьвяткаваньнем Дня Волі 25 сакавіка.

Паводле паведамленьняў СМІ, з пачатку сакавіка больш за 100 журналістаў сталі ахвярамі ўсё большага ціску, затрыманьняў, гвалту й адміністрацыйнай адказнасьці; каля 700 чалавек, у тым ліку лідары апазыцыі, былі затрыманыя, і многія зь іх, як чакаецца, будуць асуджаныя ў судовым парадку.

„Выкарыстаньне адміністрацыйных затрыманьняў і гвалту дзеля запалохваньня апазыцыі выклікае трывогу й асаблівую занепакоенасьць у час збліжэньня паміж Беларусьсю й Асамблеяй. Усё павінна быць зроблена, каб пазьбегнуць таго, што людзі, затрыманыя да пачатку й падчас дэманстрацый, стануць палітычнымі вязьнямі. Масавыя затрыманьні — не рашэньне наяўнасьці крытыкі й іншадумства, яны толькі аддаляюць краіну ад эўрапейскіх стандартаў павагі свабоды выказваньня меркаваньняў, сходаў і правоў чалавека”.

У Менску сп. Рыгоні сустрэўся з прадстаўнікамі ўрада, у тым ліку з кіраўніком краіны, міністрам замежных справаў і сьпікерамі абедзьвюх палат парлямэнта, а таксама з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці, у тым ліку актывістамі апазыцыі, журналістамі й НДА. Спэцдакладчык ПАРЭ мае намер прадставіць свой даклад Камітэту ў межах сэсіі Асамблеі, якая адбудзецца ў красавіку.

spring96.org/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт