Logo Polskiego Radia
Print

Працягваюцца затрыманьні па справе «Белага легіёну»

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 31.03.2017 13:24
КДБ прыйшоў за яшчэ адным гісторыкам, верагодна, з-за справы аб "баевіках".
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: pixabay.com/Creative Commons Public Domain CC0

КДБ затрымаў яшчэ аднаго выпускніка гістфаку БДУ, верагодна, па справе аб масавых беспарадках. Гэтую інфармацыю TUT.BY пацьвердзіла маці маладога чалавека. Яна пакуль ня хоча выдаваць яго імя ў СМІ.

- Мы даведаліся толькі ўчора. З КДБ прыйшлі з ператрусам на яго кватэру. Я на ператрусе не прысутнічала, я знаходжуся ў поўным няведаньні. Ён нават ня быў у Беларусі падчас гэтых падзей (першых затрыманьняў па справе аб масавых беспарадках - TUT.BY).

Па словах маці, ёй не паведамілі, за што забралі сына, толькі сказалі: «Як сьведка». Што канфіскавалі падчас ператрусу, яна ня ведае. Паводле інфармацыі газэты «Наша Ніва», атрыманай ад сяброўкі маладога чалавека, забралі камуфляжную камізэльку і металашукальнік.

Затрыманы родам з Бабруйска, жыве ў Менску. Як распавяла маці, вучыўся на гістфаку БДУ, скончыў асьпірантуру, цяпер працуе ў лягістыцы.

Папярэдняе затрыманьне па справе аб масавых беспарадках адбылося 28 сакавіка. У СІЗА КДБ быў адпраўлены 25-гадовы Аляксандар Зімніцкі, супрацоўнік Нацыянальнага гістарычнага музэя. Як і апошні затрыманы, ён выпускнік гістфаку БДУ, асьпірант. Таксама на гістфаку Белдзяржунівэрсытэта вучыўся затрыманы Яўген Палтаржыцкі.

Сёньня заканчваецца 10-дзённы тэрмін, на які першым затрыманым па справе аб масавых беспарадках павінны прад'явіць абвінавачваньне.

tut.by/ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт