Logo Polskiego Radia
Print

Лукашэнка й Пуцін абмяняліся віншаваньнямі

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 02.04.2017 15:27
У лісьце прысьвечаным Дню яднаньня народаў Беларусі й Расеі Лукашэнка намякнуў на праблемы, Пуцін – на іх рашэньне.
Фота: ИТАР-ТАСС. Архіўны здымакФота: ИТАР-ТАСС. Архіўны здымакИТАР-ТАСС

Першыя асобы Беларусі й Расеі абмяняліся віншавальнымі лістамі з нагоды Дня яднаньня народаў Беларусі й Расеі – паведамляе афіцыйнае інфармагенцтва БЕЛТА. У сваім звароце Аляксандар Лукашэнка намякнуў на неабходнасьць вырашыць расейска-беларускі энэргетычны канфлікт.

«Гістарычная памяць і ўзаемная падтрымка заўсёды былі для нас вышэй любых мэркантыльных або тактычных меркаваньняў, і наш агульны абавязак – захоўваць вернасьць гэтаму лёсавызначальнаму выбару», – напісаў у сваім звароце да расейскага народу Аляксандар Лукашэнка.

Афіцыйныя віншаваньні беларускі кіраўнік выслаў прэзыдэнту й прэм’еру Расеі, сьпікерам расейскага парлямэнту, Патрыярху маскоўскаму Кірылу, а таксама высокапастаўленым чыноўнікам Саюзнай дзяржавы Беларусі й Расеі.

У зваротным віншаваньні Аляксандру Лукашэнку прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін выказаў надзею на рашэньне рознагалосьсяў паміж Масквой і Менскам. Ён адзначыў што «назапашаны вопыт сумеснай работы дапамагае знаходзіць аптымальныя рашэньні любых, нават самых складаных пытаньняў» – піша прэс-служба кіраўніка Расеі.

Дзень яднаньня народаў Беларусі й Расеі адзначаецца 2 красавіка. У гэты дзень у 1996 годзе Аляксандар Лукашэнка й Барыс Ельцын падпісалі дамову аб стварэньні Супольнасьці Беларусі й Расеі, якая дала пачатак Саюзнай дзяржаве.

Belta.by/ kremlin.ru/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт