Logo Polskiego Radia
Print

Палата прадстаўнікоў разьлічвае на міжнародную падтрымку РБ Сэймам РП

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 11.04.2017 19:27
«Мы не хаваем свайго жаданьня больш актыўна выбудоўваць адносіны з эўрапейскімі краінамі».
www.belta.by

У ходзе сёньняшняй сустрэчы намесьніка старшыні ніжняй палаты парлямэнту Баляслава Пірштука з дэпутатам Сэйма, кіраўніком беларуска-польскай парлямэнцкай групы Адамам Андрушкевічам віцэ-спікер выказаў надзею на разуменьне й падтрымку Беларусі Сэймам Польшчы на міжнароднай арэне.

«Мы не хаваем свайго жаданьня больш актыўна выбудоўваць адносіны з эўрапейскімі краінамі. Нам неабходна выбудоўваць збалянсаваную зьнешнюю палітыку. Нашы агульныя гістарычныя карані падштурхоўваюць да гэтага», – сказаў ён.

Пірштук адзначыў, што 2016 год у цэлым быў «вельмі прадуктыўным» у адносінах Беларусі й Польшчы.

«Было шмат візытаў з польскага боку. Гэта добры сыгнал, што мы можам працаваць прадуктыўна. Спадзяюся, парлямэнцкія групы супрацоўніцтва дапамогуць напоўніць адносіны якасным зьместам», – лічыць ён.

На думку беларускага парлямэнтара, бакі «нядрэнна спрацавалі ў эканамічнай сфэры». Так, тавараабарот краін наблізіўся да двух мільярдаў даляраў.

«Гэта добрая лічба, але наш патэнцыял нашмат вышэйшы. Як мінімум мы маглі б дадаць яшчэ мільярд», – мяркуе намесьнік старшыні Палаты прадстаўнікоў.

Акрамя таго, Пірштук лічыць, што бакам трэба працягнуць абменьвацца візытамі, праводзіць лякальныя форумы, знаходзіць кропкі росту ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.

Са свайго боку Андрушкевіч заявіў, што падзяляе аптымізм Пірштука. Паводле яго слоў, 2016 год у адносінах дзьвюх краін быў годам пошуку агульных інтарэсаў.

Польская парлямэнцкая дэлегацыя знаходзіцца зь візытам у Беларусі 11-13 красавіка.

белапан/вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт