Logo Polskiego Radia
Print

Сямашка прыкрываў схему бязмытнага экспарту расейскай нафты

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 09.05.2017 16:11
Журналісты Швэдзкага радыё апублікавалі ліст, у якім першы намесьнік прэм’ер-міністра Беларусі ўмешваецца ў сьледзтва Мытнай службы.
www.pixabay.com

Журналісты Швэдзкага радыё апублікавалі ліст былога першага намесьніка прэм’ер-міністра Беларусі Ўладзімера Сямашкі, у якім ён умешваецца ў сьледзтва Мытнай службы, каб прыкрыць схему бязмытнага вывазу расейскай нафты зь Беларусі ў 2007 годзе.

Швэдзкія журналісты выйшлі на былога агента беларускага КДБ Андрэя Моўчана, які распавёў ім пра сьледзтва ў справе вывазу расейскай нафты зь Беларусі пад фальшывай маркіроўкай, каб пазьбегчы выплаты мыта. Адным з дакумэнтаў, паказаных Моўчанам, зьяўляецца ліст Сямашкі Аляксандру Лукашэнку, у якім намесьнік кіраўніка беларускага ўраду ставіць пад сумнеў вынікі сьледзтва беларускіх мытнікаў і ўшчувае іх за тое, што пробы затрыманай партыі расейскай нафты яны перадалі для вывучэньня ў расейскую лябараторыю.

Паводле швэдзкіх журналістаў, схема бязмытнага вывазу расейскіх нафтавых прадуктаў зь Беларусі была наступнай: расейскі нафтапрадукт, гэтак званы «лёгкі дыстылят», які падлягаў абкладаньню мытам, вывазная фірма маркіравала ў Беларусі кодам 3811 як «Эколон-370», то бок як бязмытны прадукт. «Эколон-370» у Эстоніі атрымліваў код 2710 і назву «расейскі неэтыляваны бэнзін» і як такі вывозіўся ў заходнюю Эўропу на продаж у Антвэрпэне.

Швэдзкія журналісты зьвяртаюць увагу, што ў сваім лісьце Сямашка спасылаецца на заключэньне беларускай вайсковай лябараторыі, зь якога нібыта вынікае, што затрыманы мытнікамі нафтапрадукт не падлягаў абкладаньню мытам. Са свайго боку журналісты сьцьвярджаюць, што бачылі дакумэнт, зь якога вынікае, што і згаданая беларуская вайсковая лябараторыя пацьвердзіла падазрэньні мытнікаў наконт кантрабанды расейскіх нафтапрадуктаў.

svaboda.org/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт