Logo Polskiego Radia
Print

Вярхоўны суд пакінуў у сіле папярэджаньне Руху «За Свабоду»

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 25.05.2017 14:23
Судзьдзя палічыла, што рух мусіць несьці адказнасьць за дзеяньні сяброў арганізацыі, якія парушылі заканадаўства.
pixabay.com/Public Domain CC0

Судзьдзя Нэлі Каўшун палічыла, што Рух «За Свабоду» мусіць несьці адказнасьць за дзеяньні сяброў арганізацыі, якія па дадзеных Міністэрства юстыцыі парушылі заканадаўства.

Міністэрства юстыцыі вынесла ў канцы сакавіка папярэджаньне Руху «За Свабоду» за тое, што арганізатары сьвяткаваньня Дня Волі заклікалі людзей на акцыю да атрыманьня афіцыйнага дазволу. Па рашэньню Рады арганізацыя абскардзіла папярэджаньне ў Вярхоўным судзе.

Лідар Руху «За Свабоду» Юры Губарэвіч падкрэсьліў, што сябра арганізацыі Аляксандар Русевіч пры падачы заяўкі для правядзеньня акцыі на Дзень Волі выступаў як фізычная асоба, а пры падачы заяўкі ад юрасобы дзейнічае іншая працэдура.

Прадстаўнікі Руху на судзе падкрэсьлівалі, што арганізацыя, паводле заканадаўства, не нясе адказнасьці за дзеяньні сваіх сяброў, інакш гэта «падрывае асновы права, у прыватнасьці, прыкмету стабільнасьці».

У сваю чаргу пракурор заявіў пра тое, што Рух «За Свабоду» па сутнасьці зьяўляецца арганізатарам Дня Волі і падтрымаў пазыцыю прадстаўніка Міністэрства юстыцыі.

Судзьдзя падтрымала пазыцыю адказчыка па справе і пакінула папярэджаньне ў сіле.

Рух "За Свабоду"/ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт