Logo Polskiego Radia
Print

Польшча адкрыла дзіцячую ветразевую школу ў Браславе

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 28.05.2017 08:42
Праект ажыцьцявіла ў рамках праграмы «Польская дапамога» амбасада Польшчы ў Менску.

Праект скіраваны на аднаўленьне традыцыяў ветразевага спорту на Браслаўскіх азёрах.

У 30-я гады мінулага стагодзьдзя на возеры Дрывяты былі тры прычалы для яхт і лодак зь ветразямі, аднак у 1939 годзе гісторыя ветразевага спорту ў Браславе скончылася. І толькі з 2012 году ў Браславе аднавіліся рэгаты.

Па ініцыятыве польскай амбасады ў сакавіку летась была падпісаная дамова з раённымі ўладамі Браслава аб стварэньні дзіцячай ветразевай школы. На гэтыя мэты амбасада Польшчы інвэставала каля 100 тысяч эўра. На гэтыя грошы былі закупленыя 15 сучасных чаўноў зь ветразямі, перасоўны прычал, ангар для іх захоўваньня. На кожным ветразі падораных Польшчай чаўноў – сымбаль усьмешкі, знак праграмы «Польская дапамога».

Яшчэ 40 тысяч эўра Польшча інвэстуе ў дзейнасьць школы: беларускіх дзяцей будуць навучаць польскія інструктары з гораду-пабраціму Аўгустоў, дзе даўно існуе аналягічная школа. Як заявіў амбасадар Польшчы Конрад Паўлік, гэта адзін са ста праектаў малых грантаў, якія фінансавала амбасада Польшчы ў Беларусі. І калі большасьць гэтых праектаў насіла сацыяльны характар, то браслаўскі праект – асаблівы, раней праекты былі скіраваныя на дапамогу абяздоленым і хворым людзям, а гэты скіраваны на гаспадарчае й турыстычнае разьвіцьцё.

Адкрыцьцё школы віталі старшыня Віцебскага аблвыканкаму Мікалай Шарстнёў і старшыня Браслаўскага райвыканкаму Уладзімір Дранеўскі.

Паводле Радыё «Свабода»/юл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт