Logo Polskiego Radia
Print

Сьвятлана Алексіевіч усё ж сустрэнецца з чытачамі ў Гомлі

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 03.06.2017 16:32
Спатканьне адбудзецца не ў абласной бібліятэцы, а ў Палескім грамадзка-палітычным цэнтры.
wikipediawikipediaFoto: Wikipedia Commons

Пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч, ляўрэатка літаратурнага Нобэля, усё ж такі наведае Гомель. І мае адбыцца гэта 7 ліпеня. Пра гэта сказаў грамадзкі актывіст Уладзімер Кацора.

«Сьвятлана Аляксандраўна пагадзілася прыехаць у Гомель і сустрэцца зь землякамі ў грамадзка-палітычным цэнтры на вуліцы Палескай, 52. Прынцыповая дамова была й раней, а сёньня мы канчаткова абгаварылі фармат сустрэчы. На жаль, сустрэча можа адбыцца толькі ў абмежаваным рэжыме, па запрашэньнях. З прычыны здароўя пісьменьніца ня можа выступіць у нашым амфітэатры на вуліцы, дзе зьмяшчаецца каля трохсот чалавек. А памяшканьне канфэрэнц-залі невялікае, можа зьмясьціць сама больш шэсьць дзесяткаў чытачоў.

У тэлефоннай размове Алексіевіч пацьвердзіла свой візыт у Гомель, сказаўшы, што мае правесьці тут толькі адну сустрэчу.

Раней меркавалася, што ў Гомлі Сьвятлана Алексіевіч сустрэнецца зь землякамі яшчэ і ў абласной бібліятэцы. Пра такую сустрэчу дамовіўся старшыня Гомельскага аддзяленьня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Анатоль Бароўскі. Была нават абвестка. Але дырэктарка бібліятэкі Марына Рафеева адмовілася ад спатканьня.

Паводле Радыё «Свабода»/юл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт