Logo Polskiego Radia
Print

У Астравецкім раёне згарэў касьцёл XVIII стагодзьдзя

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 06.06.2017 14:04
Раніцай 6 чэрвеня ў вёсцы Клюшчаны згарэў стары драўляны касьцёл сьвятога Яхіма.
Касьцёл у Клюшчанах.Касьцёл у Клюшчанах.racyja.com

«У шэсьць гадзін раніцы чалавек, які жыве недалёка ад касьцёла, пабачыў у вокнах касьцёла агонь. Адразу выклікаў пажарных, яны хутка прыляцелі, але ўжо не было чаго ратаваць», – расказвае пчаляр Алесь Марозік, які жыве ў Клюшчанах.

Касьцёл сьвятога Яхіма пабудаваны ў 1726 годзе, быў зачынены ў 1948-м, але вернуты вернікам i адбудаваны ў 1990 годзе. У 1915-м невялікі прамежак часу тут служыў вядомы паэт, а таксама каталіцкі сьвятар Казімір Сваяк. Імшы ў клюшчанскім касьцёле праходзілі штотыдзень, у нядзелі, на іх прыяжджаў ксёндз з суседніх Міхалішак.

«Нічога не атрымалася ўратаваць. Толькі выцягнулі кнігу 1887 года з архівамі, але нават яна напалову згарэла», – працягвае Марозік.

Прэс-сакратар Гарадзенскага абласнога ўпраўленьня па надзвычайных сытуацыях Наталля Жывалеўская пацьвердзіла «НН», што касьцёл згарэў «да тла». Пакуль у МНС няма дакладнай інфармацыі, што сталася прычынай узгараньня.

racyja.com/nn.by/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт