Logo Polskiego Radia
Print

Кіраўнік Мінпрыроды Андрэй Каўхута падазраецца ў службовым падлогу

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 08.06.2017 15:48
Гаворка ідзе пра грошы, выдзеленыя на пошук пакладаў карысных выкапняў.
Фото: Shutterstock

Галоўным сьледчым упраўленьнем Сьледчага камітэта Беларусі расьсьледуецца крымінальная справа аб службовым падлогу ў дачыненьні да шэрагу службовых асобаў. У ліку падазроных — міністар прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Андрэй Каўхута, паведаміла ў "Фэйсбуку" афіцыйны прадстаўнік Сьледчага камітэта Юлія Ганчарова.

Дзеяньні Каўхуты кваліфікаваныя па ч. 4 арт. 16 (саўдзел у злачынстве ў якасьці арганізатара), ч. 1 арт. 427 (арганізацыя службовага падлогу) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. "З падазроным праводзяцца сьледчыя дзеяньні, мера стрыманьня не ўжывалася. Паводле рашэньня сьледзтва абраная мера працэсуальнага прымусу — адхіленьне ад пасады", — паведаміла Ганчарова.

У сакавіку гэтага года тэлеканал "Беларусь 1" паведаміў пра распачынаньне крымінальных спраў па фактах незаконнага атрыманьня бюджэтных сродкаў дзяржаўным Навукова-вытворчым цэнтрам па геалёгіі. Паведамлялася, што шкода перавысіла мільён рублёў — чыноўнікі нібыта выдаткавалі грошы на геалягічную разьведку, якая ў рэальнасьці не праводзілася.

Гаворка ідзе пра грошы, выдзеленыя на рэалізацыю дзяржпраграмы да 2020 года, якая апроч іншага прадугледжвае пошук пакладаў карысных выкапняў. "У рамках дзяржпраграмы былі выдзеленыя сродкі на правядзеньне геадэзічнай разьведкі, па выніках конкурсу заключаныя дагаворы з буравымі прадпрыемствамі. Аднак поўны аб`ём пошукаў выкананы ня быў. Для таго каб на паперы не зрываць пляны, некаторыя кіраўнікі Мінпрыроды вымусілі падначаленых аформіць падробленыя дакумэнты", — паведаміў тэлеканал.

БелаПАН/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт