Logo Polskiego Radia
Print

Сёлета ў Беларусі было затрымана восем тэрарыстаў

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 13.06.2017 13:47
Адзін з іх рыхтаваўся да ўчыненьня тэрарыстычнага акта ў Эўропе.
Галоўны будынак КДБ у Менску па праспэкце Незалежнасьці Галоўны будынак КДБ у Менску па праспэкце Незалежнасьці commons.wikimedia.org/Gruszecki/CC BY-SA 3.0

У 2017 годзе на тэрыторыі Беларусі было затрымана восем тэрарыстаў, паведаміў старшыня КДБ Валерый Вакульчык, размаўляючы з журналістамі 13 чэрвеня ў Палаце прадстаўнікоў.

«Мы ў гэтым годзе восем тэрарыстаў затрымалі, у мінулым – 17, у пазамінулым – 21. Гэта асобы, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай і экстрэмісцкай дзейнасьці, якія знаходзіліся ў міжнародным вышуку, якія былі ў Сірыі. Адзін з іх прыехаў з Германіі – сёлета быў затрыманы сумесна з органамі МУС. У яго было выбуховае прыстасаваньне, ён рыхтаваўся да ўчыненьня тэрарыстычнага акта ў Эўропе», – расказаў Вакульчык, дадаўшы, што сьледзтва па гэтай справе яшчэ ідзе.

«Мы не можам дапусьціць, каб у нас у краіне былі такія здарэньні, гібель людзей, якія адбываюцца ў некаторых іншых краінах. Я не кажу, што там дрэнна працуюць, – проста так склалася. І мы павінны вельмі сур’ёзна – і грамадзтва, і журналісты – да гэтых пытаньняў ставіцца», – падкрэсьліў старшыня КДБ.

racyja.com/belapan.by/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт