Logo Polskiego Radia
Print

Беларусь атрымала 300 мільёнаў даляраў крэдыту

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 29.06.2017 16:33
Эўразійскі банк разьвіцьця выдзеліў грошы, нягледзячы на тое, што Менск ня выканаў усіх патрабаваньняў.
www.eabr.org

Эўразійскі банк разьвіцьця пералічыў Беларусі чацьвёрты транш крэдыту Эўразійскага фонду стабілізацыі й разьвіцьця ў аб’ёме 300 мільёнаў даляраў – перадае Радыё «Свабода» са спасылкай на прэс-службу фінансавай установы. З крэдыту памерам у 2 мільярды даляраў, які выдаваўся на рэалізацыю рэформаў у 2016-2017 гадах, Менск атрымаў ужо 1,4 мільярды.

Пры гэтым Беларусь ня выканала аднаго з патрабаваньняў для атрыманьня крэдыту. Яна заняла за мяжой значна больш сродкаў для пагашэньня ранейшых даўгоў, чым прадугледжвала праграма. Але ЭАБР вырашыў вызваліць Беларусь ад гэтага патрабаваньня «за кошт правядзеньня збалянсаванай эканамічнай палітыкі».

Агулам дзяржаўная запазычанасьць Беларусі на 1 траўня складае больш за 16 мільярдаў даляраў. Зьнешняя ж запазычанасьць складае 13,9 мільярдаў даляраў.

Беларусь траціць на абслугоўваньне запазычанасьці 10% свайго бюджэту. Летась на выплату крэдытаў пайшло больш за 7 мільярдаў рублёў – столькі, колькі ідзе на фінансаваньне абароны, праваахоўнікаў, нацыянальнай эканомікі, аховы здароўя, адукацыі, спорту й СМІ разам узятых.

Svaboda.org/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт