Logo Polskiego Radia
Print

За сьмерць школьніцы на «бульбе» пакаралі настаўніц

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 12.07.2017 11:27
Суд Маладэчанскага раёну абвясьціў прысуд у справе гібелі 13-гадовай Вікторыі Папчэні.
Настаўніцы Вольга Завадзкая ды Ірына Апанасевіч. Фота: Радыё "Свабода"Настаўніцы Вольга Завадзкая ды Ірына Апанасевіч. Фота: Радыё "Свабода"svaboda.org

Настаўніц з Маладэчна за сьмерць школьніцы на бульбе асудзілі на 2 гады «хатняй хіміі» – паведамляе Радыё «Свабода». Суд Маладэчанскага раёну абвясьціў прысуд у справе гібелі на бульбе 13-гадовай Вікторыі Папчэні.

Выкладчыц францускай мовы Вольгу Завадзкую й фізыкі Ірыну Апанасевіч, абвінавачаных у неналежным выкананьні абавязкаў, якое прывяло да сьмерці васьміклясьніцы, прыгаварылі да 2 гадоў абмежаваньня волі без накіраваньня ў месцы зьняволеньня і да штрафаў у памеры 2300 рублёў.

Настаўніцы пазбаўленыя права выконваць працу, зьвязаную зь бясьпекай дзяцей. Гэта азначае, што яны ня змогуць выкладаць на працягу 2 гадоў.

Бацькі загінулай дзяўчынкі прасілі суд не караць школьных настаўніц. Абвяшчэньне прысуду адбылося ў адсутнасьці бацькоў Вікі.

Летась 29 верасьня падчас уборкі бульбы пад Маладэчнам загінула вучаніца 8 клясы Вікторыя Папчэня. На дзяўчыну, якую, нягледзячы на слабы слых, прыцягнулі да палявых працаў, наехаў грузавік. Кіроўцу Паўлу Цыбіну 23 сьнежня 2016 году ўжо прысудзілі 3 гады абмежаваньня волі.

Svaboda.org/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт