Logo Polskiego Radia
Print

Прагноз па рэйтынгах Беларусі зьменены са «стабільнага» на «пазытыўны»

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 31.07.2017 14:48
На думку аналітыкаў, аднаўленьне беларускай эканомікі абумоўленае паляпшэньнем вонкавага попыту на беларускую прадукцыю ў Расеі.
pixabay.com/Public Domain CC0

Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Fitch Ratings зьмяніла прагноз па сувэрэнных рэйтынгах Беларусі са «стабільнага» на «пазытыўны». Доўгатэрміновыя рэйтынгі ў замежнай і нацыянальнай валюце агенцтва пакуль захоўвае на ўзроўні «B-«.
Як паведамляе Fitch Ratings, перагляд прагнозу адлюстроўвае паляпшэньне доступу Беларусі «да зьнешняга фінансаваньня й павелічэньне міжнародных рэзэрваў», што, на думку аналітыкаў агенцтва, скараціла фінансавыя рызыкі Беларусі ў 2017–2018 гадах.

Экспэрты агенцтва нагадваюць, што разьмяшчэньне эўрабондаў спрыяла павелічэньню золатавалютных рэзэрваў Беларусі да 6,6 млрд даляраў.
Аналітыкі Fitch Ratings адзначаюць, што патрэбы Беларусі ў зьнешнім фінансаваньні ў адносінах да золатавалютных рэзэрваў скараціліся з 223% у 2014 годзе, але ўсё яшчэ застаюцца высокімі й складаюць 141%.

Акрамя гэтага, аналітыкі рэйтынгавага агенцтва тлумачаць паляпшэньне прагнозу па сувэрэнных крэдытных рэйтынгах Беларусі тым фактам, што эканоміка краіны паступова аднаўлялася, хоць раней Fitch прагназаваў працяг рэцэсіі. «Мы чакаем, што беларуская эканоміка вырасьце на 0,5% у 2017 годзе (у адрозьненьні ад папярэдняга прагнозу – зьніжэньне на 1%) і ў 2018–2019 гадах павялічыцца на 1,3 і 1,8% адпаведна», – гаворыцца ў паведамленьні Fitch Ratings.

На думку аналітыкаў агенцтва, аднаўленьне беларускай эканомікі абумоўленае паляпшэньнем вонкавага попыту на беларускую прадукцыю ў Расеі.

паводле белапан/вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт