Logo Polskiego Radia
Print

Кіраўнікі міжнародных прафсаюзаў зьвярнуліся да Лукашэнкі

PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski 09.08.2017 17:15
У сваім лісьце яны патрабуюць спыніць перасьлед незалежнага прафсаюзу працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасьці.
Палац Незалежнасьці ў МенскуПалац Незалежнасьці ў МенскуWikimedia Commons/Antono Vasiljev/CC BY-SA 4.0

Міжнародныя прафсаюзы патрабуюць спыніць перасьлед незалежнага прафсаюзу працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасьці. Пра гэта гаворыцца ў сумесным лісьце, зь якім кіраўнікі Глябальнага саюзу IndustriALL ды Міжнароднай канфэдэрацыі прафсаюзаў зьвярнуліся да Аляксандра Лукашэнкі.

Нядаўнія ператрусы ў офісах, а таксама допыты й затрыманьні старшыні прафсаюзу РЭП Генадзя Фядыніча ды бухгальтара Ігара Комліка (ён і зараз знаходзіцца пад вартай) аўтары звароту называюць помстай за актыўную грамадзянскую пазыцыю і дзейнасьць незалежных прафсаюзаў, накіраваную на абарону інтарэсаў працаўнікоў.

Дзеяньні ўладаў груба парушаюць Канвэнцыю Міжнароднай арганізацыі працы «Аб свабодзе аб’яднаньняў», гаворыцца ў лісьце. Копіі звароту накіраваныя ў Міністэрства замежных справаў ды Генэральную пракуратуру Беларусі.

Нагадаем, ператрусы, пра якія вядзецца гаворка, адбыліся на пачатку жніўня. Кіраўніцтва незалежнага прафсаюзу вінавацяць ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў.

interfax.by/св

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт