Logo Polskiego Radia
Print

Замежнікі змогуць заставацца ў Беларусі без рэгістрацыі дзесяць дзён

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 11.08.2017 11:18
Тэрмін знаходжаньня на тэрыторыі Беларусі без рэгістрацыі павялічаць напрыканцы будучага году.
pixabay.com/Public Domain/CC0

Замежнікі змогуць знаходзіцца ў Беларусі без рэгістрацыі дзесяць дзён, а не пяць, як цяпер. Пра гэта падчас прамой лініі парталу TUT.BY распавёў першы намесьнік начальніка Дэпартамэнту па грамадзянстве й міграцыі МУС Беларусі Віталь Навумчык.

Адпаведныя зьмены ў законе аб прававым становішчы замежнікаў у Беларусі арыенціровачна набудуць моц у сьнежні 2018 – студзені 2019 года.

Сёньня замежнікі, якія плянуюць правесьці ў Беларусі больш за пяць дзён, павінны зарэгістравацца ў ворганах міністэрства ўнутраных справаў. Гэта ў тым ліку можна зрабіць у гасьцініцы ці аграсядзібе. Калі турыст здымае кватэру ці едзе да родных, то рабіць гэта прыйдзецца ў мясцовым аддзеле па грамадзянстве й міграцыі. Калі іншаземец не зарэгіструецца своечасова, ён можа атрымаць папярэджаньне, штраф да пяцідзесяці базавых велічынь (да 1150 рублёў) або яго могуць дэпартаваць.

Выключэньне з правілаў даецца турыстам, якія прыехалі на выходныя або дзяржаўныя сьвяты. Таксама ад рэгістрацыі вызваляюць на працягу 90 дзён з дня ўезду расейцаў, а на працягу 30 дзён з дня ўезду – літоўцаў, латвійцаў, украінцаў і казахаў.

TUT.BY/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт