Logo Polskiego Radia
Print

Беларусы з размахам адсьвяткуюць Дзень нараджэньня Чарльза Букоўскі

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 14.08.2017 09:30
Знакаміты на ўвесь сьвет прадстаўнік так званага «бруднага рэалізму» нарадзіўся 16 жніўня.
pixabay.com/Public Domain CC0

16 жніўня нарадзіўся знакаміты на ўвесь сьвет прадстаўнік так званага «бруднага рэалізму», амэрыканскі пісьменьнік Чарльз Букоўскі. Сваім прыхільнікам ён вядомы як аўтар больш за дзьвесьце апавяданьняў, якія ўключаныя ў шаснаццаць зборнікаў, шасьці раманаў і больш за трыццаць паэтычных кніг! Беларускія перакладчыкі Букоўскі, літаратары і музыкі вырашылі з шыкам адзначыць нараджэньне мэтра. У сераду а 19:00 усе жадаючыя змогуць далучыцца да сьвяткаваньня, прыйшоўшы ў кнігарню «Логвінаў».

Уваход на сьвята абсалютна бясплатны, цэнзуры не будзе! Пра гэта папярэдзіла на сваёй старонцы ў Фэйсбуку арганізатар сустрэчы Марыя Мартысевіч. Павіншаваць Букоўскі прыйдуць вядомыя беларускія пісьменьнікі, сярод якіх Альгерд Бахарэвіч, Андрэй Дзічэнка; перакладчыкі - Юлія Цімафеева, Вольга Гапеева, Аляксей Знаткевіч; блюзмэны - Іван Калобка і Юрась Ускоў, а таксама многія іншыя вядомыя прадстаўнікі беларускай культуры. Кожны, хто захоча, можа далучыцца да віншаваньняў і нават што-небудзь пачытаць - у канцы вечара будзе абвешчаны «свабодны мікрафон».

«Мерапрыемства праводзіцца ў рамках краудфандынгавай кампаніі па зборы сродкаў на выданьне першых чатырох кніг сэрыі «Амэрыканка», - патлумачыла арганізатар сьвята. - Калі мы зьбярэм патрэбную суму, беларусы змогуць пачытаць на роднай мове знакамітыя «Палёт над гняздом зязюлі» Кена Кізі, «Макулатуру» Чарльза Букоўскі, «Байцоўскі клуб» Чака Паланіка, а таксама «Пэнелопіаду» Маргарэт Этвуд. Да заканчэньня кампаніі засталося крыху больш за тыдзень».

naviny.by/ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт