Logo Polskiego Radia
Print

Вучоныя знайшлі зорку, за якой у сярэднявеччы назіралі карэйцы

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 31.08.2017 17:54
Важную ролю ў дасьледаваньні сыгралі палякі.
pixabay.com

Амаль 600 гадоў таму карэйскія дасьледчыкі неба ўбачылі зорку, якую было відаць з Зямлі толькі на працягу некалькіх дзён. Цяпер навукоўцы змаглі вызначыць месцазнаходжаньне былой "новай" зоркі. Важную ролю ў дасьледаваньні сыгралі палякі.

У сакавіцкую халодную ноч у Сэуле, амаль 600 гадоў таму, карэйскія астролягі заўважылі новую зорку ў хвасьце сузорʼя Скарпіёна. Зорка была бачная толькі на працягу 14-ці дзён, а затым бясьсьледна зьнікла. Тым ня менш, застаўся запіс у хроніках, што дазволіла сучасным астраномам вызначыць, што астролягі старажытнай Карэі сталі сьведкамі ўспышкі клясычнай "новай", але не маглі вызначыць, якая зорка-кампаньён была адказная за выбух.

Цяпер жа старую «новую» лякалізавалі, дзякуючы дасьледаваньням навукоўцаў пад кіраўніцтвам Майкла Шара (Michael Shara) з Амэрыканскага музэя натуральнай гісторыі. Вынікі прадстаўлены ў прэстыжным часопісе «Nature». Важную ролю ў гэтай працы сыгралі польскія вучоныя Польскай акадэміі навук з Астранамічнага цэнтра імя Мікалая Капэрніка - прафэсар Яанна Мікалаеўска (Joanna Mikołajewska), магістар Катажына Дрозд і магістар Крыст’ян Ілкевіч (Krystian Iłkiewicz).

Польскі ўнёсак - гэта, між іншым, атрыманьне спэктраскапічных дадзеных, вызначэньне ўласнага руху зоркі-кампаньёна, што дазволіла знайсьці "новую". Палякі атрымалі таксама фатаграфіі, якія вельмі дапамаглі ў дасьледаваньнях.

Гэта першы такі выпадак у гісторыі, калі напэўна ўдалося знайсьці старую "новую" зорку, выбух якой зафіксавалі ў кітайскіх, карэйскіх ці японскіх хроніках апошніх 2,5 тысячы гадоў. Гэтая знаходка пацьвярджае тэорыю, што "новыя" праходзяць вельмі доўгі цыкл актыўнасьці пасьля выбуху, бяруць паўзу на тысячы гадоў, і зноў разгараюцца як "новая" зорка.

Выбліск новай зоркі можна параўнаць з выбухам гіганцкай вадароднай бомбы.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт