Logo Polskiego Radia
Print

У доме-музэі Адама Міцкевіча адбылося ўшанаваньне філарэтаў і філяматаў

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 10.09.2017 15:52
Мерапрыемства было прысьвечанае 200-годзьдзю студэнцкага таварыства філарэтаў і філяматаў.
Партрэт Адама Міцкевіча работы Івана Хруцкага Партрэт Адама Міцкевіча работы Івана Хруцкага blr.belta.by

У доме-музэі Адама Міцкевіча ў Наваградку адбылося ўшанаваньне філарэтаў і філяматаў. Мерапрыемства было прысьвечанае 200-годзьдзю студэнцкага таварыства філарэтаў і філяматаў, якое 1 кастрычніка 1817 года заснавалі Тамаш Зан і Адам Міцкевіч, а таксама іх сябры. Тады й адбылося першае пасяджэньне студэнцкага згуртаваньня.

Ушанаваньне філарэтаў і філяматаў распачаў у доме-музэі Адама Міцкевіча яго дырэктар Мікола Гайба. Ён пазнаёміў прысутных зь невялікай выставай кніг з фондаў музэя, прысьвечаных філарэтам і філяматам. А таксама адзначыў, што сёньня ў музэі знаходзіцца больш за 170 кніг, прысьвечаных Адаму Міцкевічу, і 18 кніг «Пана Тадэвуша» на розных мовах. А два тамы ў перакладзе на кітайскую мову паступілі ва ўстанову нядаўна.

Бард Аляксей Жбанаў выканаў шэраг песень на словы Адама Міцкевіча, Тамаша Зана, Яна Чачота. А Раіса Крывальцэвіч прасьпявала беларускую народную песьню, якую любіла некалі сьпяваць Марыля Верашчака.

Харэограф і музыка Алена Прохарава нагадала ўсім, як некалі праводзіўся баль, і якія танцы тады танцавала моладзь.

радыё рацыя/вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт