Logo Polskiego Radia
Print

Рух «За Свабоду» запатрабаваў увесьці кантроль на мяжы Беларусі і Расеі

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 22.09.2017 11:52
Адпаведны зварот старшыня Руху накіраваў у МУС, МЗС, Палату прадстаўнікоў, Савет Рэспублікі, Дзяржаўны памежны камітэт.

Рух «За Свабоду» лічыць, што інцыдэнт са зьнікненьнем украінца Паўла Грыба на тэрыторыі Беларусі і адсутнасьць адпаведнай рэакцыі ўладаў ставіць пад сумнеў сувэрэнітэт Беларусі, псуе адносіны з Украінай і міжнародны аўтарытэт краіны, дыскрэдытуе яе як тэрыторыю для бясьпечнага знаходжаньня любых замежных грамадзянаў.

Адпаведны зварот старшыня Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч накіраваў у Міністэрства ўнутраных справаў, Міністэрства замежных справаў, Палату прадстаўнікоў, Савет Рэспублікі, Дзяржаўны памежны камітэт.

«Мы патрабуем ад МУС неадкладна правесьці поўнае і ўсебаковае расьсьледаваньне зьнікненьня Паўла Грыба, па выніку якога прадставіць публічны даклад. Усе беларускія сілавікі, якія мелі адносіны да інцыдэнту, у выпадку пацьвержаньня незаконнасьці іх дзеяньняў павінны быць пакараныя», – напісана ў звароце.

Рух «За Свабоду» патрабуе ад беларускіх уладаў гарантаваць бясьпеку беларускіх і замежных грамадзян на тэрыторыі Беларусі ад пасяганьня замежных спэцслужбаў.

Арганізацыя запатрабавала ўвесьці пашпартны кантроль на беларускім баку беларуска-расейскай мяжы (які дэ-факта ўжо дзейнічае па ініцыятыве расейскіх уладаў). Таксама прапануе ратыфікаваць Міжнародную канвэнцыю для абароны ўсіх асоб ад гвалтоўных зьнікненьняў.

pyx.by/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт