Logo Polskiego Radia
Print

У Барысаве загінуў салдат тэрміновай службы

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 05.10.2017 14:27
Як асноўную прычыну сьмерці сьледзтва разглядае суіцыд.
фота: tut.by

Барысаўскі райаддзел Сьледчага камітэту праводзіць праверку па факце сьмерці салдата, які праходзіў тэрміновую службу з траўня бягучага году ў ваенным гарадку Печы ў Барысаве.

Інфармацыю пра сьмерць салдата журналістам пацьвердзілі ў Міністэрстве абароны. Начальнік упраўленьня інфармацыі галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай работы Мінабароны Ўладзімір Макараў ня стаў паведамляць падрабязнасьці, спаслаўшыся на этычныя прычыны. Таксама Макараў не паведаміў узрост салдата, а толькі дадаў, што здарэньне адбылося некалькі дзён таму.

Тацьцяна Беланог, афіцыйная прадстаўніца ўпраўленьня Сьледчага камітэту па Менскай вобласьці, паведаміла, што цела салдата знайшлі 3 кастрычніка ў сутарэньні аднаго з будынкаў на тэрыторыі вайсковай часьці.

«Падчас правядзеньня агляду месца здарэньня прыкмет крымінальнага характару сьледзтвам ня выяўлена. Дадзеныя, атрыманыя ў выніку першапачатковых мерапрыемстваў, дазваляюць разглядаць у якасьці асноўнай вэрсіі суіцыд. Для вызначэньня прычыны сьмерці прызначана судова-мэдыцынская экспэртыза», – пракамэнтавала яна.

Дарэчы, за апошнія паўгода гэта ўжо другі трагічны выпадак у Печах. 31 сакавіка загінуў 25-гадовы жыхар Менска Арцём Басьцюк. Сямʼя загінулага хлопца распавядала журналістам, што ў сына былі праблемы ў часьці, ён скардзіўся на «дзедаўшчыну».

tut.by/эўрарадыё/вс


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт