Logo Polskiego Radia
Print

Фільмы з 46 краін прывязуць на „Анімаёўку” ў Магілёў

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 08.10.2017 16:39
Экспэртная камісія фэстывалю адабрала для ўдзелу ў конкурснай праграме 190 анімацыйных фільмаў.
Foto: pixabay.com/Creative Commons Public Domain CC0

XX Міжнародны фэстываль анімацыйных фільмаў „Анімаёўка-2017” пройдзе ў Магілёве й Магілёўскай вобласьці 26-29 кастрычніка. Аб гэтым паведаміў рэжысэр-аніматар кінастудыі „Беларусьфільм” Ігар Волчак, які ўзначаліў экспэртную камісію конкурснай праграмы мультсьвята.

На юбілейным форуме будзе прадстаўлена 240 фільмаў з 46 краін. Упершыню для ўдзелу ў конкурсе заяўлены работы з Усходняга Тымора, М'янмы, Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў, Тайлянда, Уругвая, Філіпін, Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі.

Экспэртная камісія фэстывалю адабрала для ўдзелу ў конкурснай праграме 190 анімацыйных фільмаў, у тым ліку 50, прадстаўленых дзіцячымі студыямі. У большасьці гэта новыя мультфільмы, створаныя за апошнія два гады. Яны будуць прагледжаны прадстаўнічым міжнародным журы, якое выбера ня толькі ўладальніка Гран-пры, але й пераможцаў у 19 намінацыях: 11 дарослых і 8 дзіцячых.

Стваральнікі лепшых мультфільмаў традыцыйна атрымаюць хрустальныя алоўкі, а ўсе без выключэньня ўдзельнікі творчага спаборніцтва павязуць з сабой памятныя сэртыфікаты.

Традыцыйна ў час сьвята будуць праводзіцца майстар-клясы, конкурсы дзіцячай выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасьці, сустрэчы са стваральнікамі мультфільмаў, а таксама тэматычныя паказы ў раённых цэнтрах Магілёўскай вобласьці.

Арганізатарамі фэстывалю выступаюць Міністэрства культуры Беларусі, Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт.

belta.by/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт