Logo Polskiego Radia
Print

Статкевіч: Мяне зноў могуць арыштаваць перад акцыяй 21 кастрычніка

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 08.10.2017 11:21
Пра гэта палітык паведаміў журналістам 7 кастрычніка ў Менску пасьля адбыцьця 15-сутачнага арышту.
Мікалай Статкевіч (архіўнае фота)Мікалай Статкевіч (архіўнае фота)фота: профіль Мікалая Статкевіча ў "Фэйсбуку"

Сустаршыня рады Беларускага нацыянальнага кангрэсу Мікола Статкевіч лічыць, што яго зноў могуць узяць пад варту напярэдадні апазыцыйнай акцыі „Марш абураных беларусаў 2.0”, намечанай на 21 кастрычніка.

Пра гэта палітык паведаміў журналістам 7 кастрычніка ў Менску пасьля адбыцьця 15-сутачнага арышту.

Статкевіча вывезьлі з Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў прыкладна за гадзіну да часу вызваленьня й даставілі ў РУУС Ленінскага раёну. Там, паводле слоў апазыцыянэра, яму „прачыталі лекцыю” аб парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў, патлумачыўшы гэта тым, што ён знаходзіцца на прафіляктычным наглядзе.

Статкевіч быў затрыманы ў Менску 22 верасьня каля 15.15 пасьля пасяджэньня рады Беларускага нацыянальнага кангрэсу. Палітык з жонкай і калегамі выйшаў з офісу прафсаюзу РЭП на вуліцу, да іх пад’ехаў сіні мікрааўтобус з танаванымі шыбамі, адтуль выскачылі супрацоўнікі міліцыі, затрымалі Статкевіча.

Пазьней высьветлілася, што ён знаходзіцца ў турме на Акрэсьціна для адбыцьця адміністрацыйнага пакараньня на 15 сутак за ўдзел у акцыі, якая праходзіла ў Менску 3 ліпеня, у Дзень Незалежнасьці Беларусі.

Акрамя гэтага, апазыцыйны палітык таксама быў асуджаны завочна яшчэ на пяць сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у несанкцыянаванай вулічнай акцыі ў цэнтры Менску 8 верасьня супраць беларуска-расейскіх вайсковых вучэньняў „Захад-2017” і было прымеркавана да Дня беларускай вайсковай славы, які апазыцыя адзначае ў гадавіну гістарычнай бітвы пад Оршай. Гэтыя пяць сутак Статкевічу яшчэ трэба адбыць пад арыштам.

svaboda.org/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт