Logo Polskiego Radia
Print

ЭЗ і РЭ заклікалі Беларусь увесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 09.10.2017 14:51
З 5 па 10 кастрычніка ў Беларусі праходзіць традыцыйны Тыдзень супраць сьмяротнага пакараньня.
Вэб-старонка кампаніі FIDH супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі.Вэб-старонка кампаніі FIDH супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі.Photo: Вэб-старонка кампаніі FIDH супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі.

Эўразьвяз і Рада Эўропы чарговы раз заклікалі Беларусь увесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне. Пра гэта гаворыцца ў іх сумеснай дэклярацыі з нагоды Міжнароднага дня супраць сьмяротнага пакараньня, які адзначаецца 10 кастрычніка.

«Рада Эўропы й Эўразьвяз пацьвярджаюць сваю рашучую й недвухсэнсоўную пазыцыю супраць сьмяротнага пакараньня пры любых абставінах і ва ўсіх выпадках, – гаворыцца ў дэклярацыі, тэкст якой распаўсюдзіла прэс-служба Рады ЭЗ. – Пакараньне сьмерцю несумяшчальнае з чалавечай годнасьцю. Яно ўяўляе сабой абыходжаньне, якое зьяўляецца бесчалавечным і прыніжае годнасьць, ня мае даказанага эфэкту стрымліваньня й дазваляе судовым памылкам рабіцца незваротнымі й сьмяротнымі».

Адмена сьмяротнага пакараньня ў Эўропе ў дэклярацыі называецца «асаблівым дасягненьнем» – гэты від пакараньня адмянілі ўсе дзяржавы – члены Эўразьвязу й Рады Эўропы.

Згаданыя міжнародныя структуры заклікаюць Беларусь – адзіную эўрапейскую краіну, якая ўсё яшчэ ўжывае сьмяротнае пакараньне, – увесьці мараторый у якасьці вырашальнага кроку па набліжэньні краіны да агульнаэўрапейскіх прававых стандартаў.

З 5 па 10 кастрычніка ў Беларусі праходзіць традыцыйны Тыдзень супраць сьмяротнага пакараньня, арганізаваны беларускімі праваабаронцамі. Беларусь застаецца адзінай краінай у Эўропе, дзе ўсё яшчэ ўжываецца сьмяротнае пакараньне. За апошнія 20 гадоў было пакарана больш за 400 чалавек, і толькі адзін з прыгавораных да сьмяротнага пакараньня быў памілаваны кіраўніком дзяржавы.

паводле белапан/радыё рацыя/вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт