Logo Polskiego Radia
Print

У белсатаўцаў канфіскуюць дарагое прафэсійнае абсталяваньне

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 10.10.2017 15:50
Такое рашэньне прыняла судзьдзя Анастасія Папко ў справе аб аўтарскім праве на гандлёвы знак «Белсат».
Photo: belsat.eu

Такое рашэньне прыняла судзьдзя суда Першамайскага раёна Менска Анастасія Папко ў справе аб аўтарскім праве на гандлёвы знак «Белсат», паведамляе прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Журналіста Аляксандра Баразенку прызналі вынаватым у парушэньні аўтарскага права на гандлёвы знак «Белсат». Яго аштрафавалі на 40 базавых велічынь (920 рублёў), таксама прызначаная канфіскацыя ўсёй тэхнікі, якую забралі ў самога Баразенкі і на офісах тэлеканала.

Нагадаем, пасьля затрыманьня яшчэ ў сакавіку 2017 года Аддзел па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі склаў на Баразенку пратакол па артыкуле 9.21 КаАП Беларусі. Баразенку дапытвалі ў ізалятары часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна, дзе журналіст адбываў 15-суткавы арышт, паралельна з чым наляпілі на яго відэатэхніку самаробныя налепкі з лагатыпам тэлеканала «Белсат» і забралі яе да рашэньня суда.

Таксама 31 сакавіка ў офісах тэлеканала прайшлі ператрусы, міліцыя ў межах гэтай жа справы па аўтарскім праве забрала тэхніку з двух памяшканьняў, а таксама асабістую тэхніку яшчэ аднаго журналіста – Аляксандра Любенчука.

Журналісты «Белсата» называюць справу відавочнай правакацыяй з мэтай адабраць тэхніку, а таксама аказаць ціск на тэлеканал і супрацоўнікаў.

nn.by/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт