Logo Polskiego Radia
Print

З арміі звольнены камандзір часьці ў Печах, дзе служыў загінулы Аляксандр Коржыч

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 18.10.2017 07:07
Паводле даных на 17 кастрычніка па «справе Коржыча» ўжо заключаныя пад варту 10 чалавек.
Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain

У ходзе праверкі ваенным ведамствам стану правапарадку ў 72-м Абʼяднаным навучальным цэнтры за непрыняцьце мер па прадухіленьні гібелі асабістага складу, падтрыманьні ўнутранага парадку загадам міністра абароны звольнены з Узброеных сіл камандзір вайсковай часьці – начальнік школы, у якой праходзіў службу радавы Аляксандар Коржыч, паведамляецца на сайце Міністэрства абароны Беларусі.

21-гадовага Аляксандра Коржыча 3 кастрычніка знайшлі ў пятлі са зьвязанымі нагамі і надзетай на галаву майкай у склепе ў вайсковай часьці ў Печах. 5 кастрычніка ў якасьці першапачатковай вэрсіі сьледзтва назвала суіцыд.

Сваякі з гэтай вэрсіяй не пагадзіліся і заявілі аб гвалтоўным характары сьмерці. Сьледчы камітэт распачаў справу па ч. 3 арт. 443 КК (парушэньне статутных правілаў узаемаадносін паміж асобамі, на якіх распаўсюджваецца статус ваеннаслужачага, пры адсутнасьці адносін падпарадкаванасьці, якое пацягнула цяжкія наступствы). Камітэт разглядае тры вэрсіі трагедыі: давядзеньне да самагубства, забойства і самагубства.

Паводле даных на 17 кастрычніка па «справе Коржыча» ўжо заключаныя пад варту 10 чалавек, у тым ліку два афіцэры – камандзір роты, старшы лейтэнант 1994 года нараджэньня і яго намесьнік капітан 1989 года нараджэньня, сем сяржантаў і прапаршчык.

«Праверка працягваецца. Абавязкова будзе забясьпечана ня толькі няўхільнасьць пакараньня ў адпаведнасьці з заканадаўствам вінаватых асоб за ўчыненьне правапарушэньняў, але і службовых асоб – за непрыняцьце мер па падтрыманьні дысцыпліны», – гаворыцца ў паведамленьні Мінабароны.

БелаПАН/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт